«Дажынкі» прайшлі, рамонтныя работы працягваюцца

26.10.2011 / 11:42

Дагэтуль не закончаны капітальны рамонт усіх жылых дамоў, што планавалі зрабіць да «Дажынак-2011». 98 дамоў капітальна рамантавалі ў Маладзечне. Прыкладна на 20-ці з іх работы не закончаныя.

— Мы павінны завяршыць тут работы да канца лістапада. Такая задача пастаўленая, і іншага выйсця ў нас няма, — сказаў у інтэрв’ю «РГ» намеснік дырэктара па жыллёвых пытаннях прадпрыемства «Камунальнік» Аляксей Арол. — Гэтыя дамы не адселеныя, у іх жывуць людзі, і мы павінны памятаць пра нарматыўныя тэрміны будаўніцтва.

Па словах Аляксея Арла, не ўсе дамы рамантавалі спецыяльна да свята працаўнікоў вёскі. Некаторыя — проста дзеля рамонту. Але на 15 з 20 аб’ектаў работы не былі выкананыя ў тэрмін, да «Дажынак». Засталіся дробныя недаробкі — дзесьці засталося падмазаць, дзесьці падфарбаваць, дзесьці зняць мацаванні для рыштаванняў.

Усю віну за недаробкі Аляксей Арол ускладае на падрадчыкаў, якія парушалі тэхналогію вядзення работ. Ад жыхароў горада, па словах намесніка дырэктара, у «Камунальнік», які выступае заказчыкам рамонту, паступала шмат скаргаў. З аднаго дома прыходзіла па 15 скаргаў, але па адной праблеме. На ўсе прэтэнзіі камунальнікам прыходзілася даваць афіцыйны адказ.

Шмат нараканняў людзей было на рамонт дахаў, якія накрывалі несвоечасова, і жыхароў верхніх паверхаў падчас дажджоў залівала.
На сённяшні дзень дахі накрытыя ўсе, кажа Аляксей Арол. А падрадчыкі кампенсуюць людзям нанесеную шкоду. Па жаданні жыхароў камусьці выплачваюць грошы, камусьці робяць унутраны рамонт.

Там, дзе будаўнічыя арганізацыі не выправілі свае хібы, іх выпраўляюць маладзечанскія камунальнікі.

— На ўсе падтапленні ў нас складзеныя акты, — адзначае Аляксей Арол. — Мы выплачваем людзям кампенсацыю, а падрадчыкі, у сваю чаргу, павінны нам кампенсаваць гэтыя расходы. Калі не кампенсуюць добраахвотна — мы будзем спаганяць грошы праз суд. Усе неабходныя для суда дакументы ў нас у парадку.

Намеснік кіраўніка «Камунальніка» расказвае, што праблем з фінансаваннем заканчэння работ і разлікаў з падрадчыкамі ў прадпрыемства няма. Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыс Батура паабяцаў перадаць маладзечанцам грошы ў поўным аб’ёме і слова сваё стрымаў.

Цяпер справа застаецца за будаўнікамі, якім нявыгадна цягнуць з заканчэннем работ, бо можа ўзрасці пеня выстаўленых «Камунальнікам» штрафных санкцый. Задача ж заказчыка — арганізоўваць і прыспешваць падрадчыкаў.

Рамонт жылых дамоў у Маладзечне да «Дажынак-2011» пачаўся напрыканцы лютага — пачатку сакавіка. Капітальна рамантавалі 98 дамоў, яшчэ на 300 праводзілі цякучы рамонт. Работы на «капітальных» аб’ектах праводзіліся ў тры чаргі: рамонт даху, рамонт фасада, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Недаробкі сёння большасцю звязаныя менавіта з трэцяй чаргой работ, гэта значыць — з добраўпарадкаваннем.

Тым часам, застаюцца праблемы і з маладзечанскімі дарогамі, якія рамантавалі салігорскія рабочыя.
Намеснік дырэктара «Камунальніка» па камунальных пытаннях Аляксандр Осіпаў паведаміў у інтэрв’ю нашаму выданню: на Вялікім Гасцінцы недалёка ад прадпрыемства «Энва» Беларускага таварыства інвалідаў па зроку пачалі правальвацца ліўневыя рашоткі.

Суразмоўца «РГ» расказвае, што салігорскіх дарожнікаў прыйшлося выклікаць зноў, каб яны ліквідавалі брак у сваёй рабоце. У адрозненне ад сітуацыі з жылымі дамамі, грошы на рамонт дарог, па словах Аляксандра Осіпава, скончыліся.

Больш за тое, зрабілі не ўсё, што планавалі.

На некаторыя ўчасткі дарог ёсць праекты, а работы так і не пачаліся.
На працягу ўсёй падрыхтоўкі да «Дажынак» некалькі разоў у планы работ уносіліся карэктывы. Вызначаліся першарадныя і другарадныя дарогі для рамонту.

У прыватнасці, ад пачатку планавалі пакласці новы асфальт на дарозе, якая вядзе ў двары ад вуліцы Багдана Хмяльніцкага паміж інтэрнатам політэхнічнага каледжа і гімназіяй № 6 да рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты», але ў выніку грошай на гэта так і не хапіла. У лепшым выпадку да канца года тут могуць зрабіць хіба што ямачны рамонт.