Затрыманых актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» сёння павінны судзіць

26.10.2011 / 12:07

Затрыманых вечарам 25 кастрычніка ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з палітзняволенымі на Кастрычніцкай плошчы Мінска павінны судзіць сёння ў судзе Цэнтральнага раёна.

Як паведаміў праваабаронца Уладзімір Лабковіч, былі затрыманыя шэсць чалавек. Чакаецца, што ўсе шасцёра паўстануць перад судом.

Сярод затрыманых — чатыры актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», якая ініцыявала правядзенне рэгулярных акцый салідарнасці з палітзняволенымі. Гэта Сяргей Казакоў, Алег Рагоўскі, Аляксандр Салдаценка і Алег Рахоўскі, паведамляе сайт «Еўрапейскай Беларусі». Прозвішчы яшчэ двух затрыманых пакуль невядомыя.

Акцыі салідарнасці з палітзняволенымі праводзяцца з 21 кастрычніка. Яны праходзяць па адным сцэнарыі: супрацоўнікі міліцыі пачынаюць разганяць і затрымліваць удзельнікаў, як толькі тыя з’яўляюцца на Кастрычніцкай плошчы.

У першы дзень былі затрыманыя Аляксандр Валанцэвіч і Сяргей Чаравяк, якіх асудзілі на сем і пяць сутак адміністрацыйнага арышту адпаведна. 24 кастрычніка затрымалі каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага — ён асуджаны на 10 сутак арышту.

Працэсы праходзяць у судзе Цэнтральнага раёна, усе асуджаныя прызнаныя вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.