У Расеі губэрнатар расцаніў слэнгавае «фтопку» як «падрыхтоўку да забойства шляхам спаленьня»

Сёньня —другі дзень судовага разьбіральніцтва супраць удзельніка форуму гораду Каўрова Ўладзімерскай вобласьці. Мясцоваму губэрнатару Мікалаю Вінаградаву не спадабалася, як інтэрнаўты абмяркоўвалі дзейнасьць ягонай адміністрацыі.

31.01.2007 / 12:13

Кіраўніцтва Ўладзімерскай вобласьці Расеі падало пазоў у суд на ўдзельнікаў інтэрнэт‑форуму kovrov.ru за паклёп і абразы. Удзельнікі форуму лічаць, што гэта спроба увесьці ў рэгіёне палітычную інтэрнэт‑цэнзуру. Сёньня —другі дзень судовага разьбіральніцтва.

Яшчэ ўвесну 2006 году кіраўнік Уладзімерскай вобласьці Мікалай Вінаградаў падаў заяву пра паклёп і абразы ў свой адрас у пракуратуру, міліцыю ды ФСБ. Кіраўніку рэгіёну не спадабалася, як на форуме гораду Каўрова Ўладзімерскай вобласьці абмяркоўваюць дзейнасьць рэгіянальнай адміністрацыі. У абразе адказнай асобы і паклёпе падазраваліся пяцёра ўдзельнікаў. Сьледчыя хутка высьветлілі, хто піша на форумы, выклікалі іх на допыты і нават сканфіскавалі «прылады злачынства» — кампутары.

Першай ахвярай палітычнай інтэрнэт‑цэнзуры стаў пазаштатны аглядальнік газэты «Владимирский край» Дзьмітры Ташлыкоў. Ён вінаватым сябе не прызнае, ды й сьледзтва не знайшло паклёпу ў ягоных выказваньнях. Тады справу ўсчалі па артыкуле «Абраза прадстаўніка ўлады».

«Мы пэўныя, што вынесьці абвінаваўчы прысуд у гэтай справе будзе дастаткова складана, бо сьледзтва абапіраецца на асобныя словы, вырваныя з кантэксту», — паведаміў адзін з удзельнікаў форуму Міхаіл. Паводле ягоных словаў, экспэрты‑лінгвісты двойчы старанна вывучылі крыўдныя выразы, але так і не змаглі сказаць, ці скіраваныя яны менавіта ў адрас губэрнатара. Затое экспэрты дакладна высьветлілі, што некаторыя абразы, якія губэрнатар вырашыў прыпісаць сваёй пэрсоне, насамрэч скіраваныя ў адрас іншых асобаў. Аднак кіраўнік Уладзімерскай вобласьці ня траціць надзеі і працягвае вышукваць паклёпы на сябе ў сеціве.

Як лічыць Міхаіл, гэткі досьвед барацьбы з іншадумствам — вельмі небясьпечны прэцэдэнт. «Бо мова інтэрнэт‑размоваў ужо настолькі своеасаблівая, што зь яе можна вырваць любы выраз і выкарыстоўваць супраць каго заўгодна, — кажа Міхаіл. — Напрыклад, выражэньне няўхвалы «фтопку». Самае простае ягонае значэньне — кінуць штосьці ў агонь. Але па ўказаньні вялікага начальніка яно можа быць вытлумачанае як падрыхтоўка да забойства шляхам спаленьня».

Мікалай Вінаградаў вядомы барацьбіт з «свабодай слова». Толькі ў 2004 годзе губэрнатар Уладзімерскай вобласьці і ягоная адміністрацыя падалі супраць мясцовых недзяржаўных друкаваных выданьняў больш за 20 судовых пазоваў.

Глядзі яшчэ:
У Расеі судзяць інтэрнаўта за словы «кацап» і «маскаль»