Метро можа стаць даражэйшым за аўтобус
Метрапалітэн хоча браць з кожнага пасажыра 1500 рублёў, са студзеня — 2100.
27.10.2011 / 09:43
Сталічныя транспартнікі прапануюць павялічыць тарыфы на праезд у метрапалітэне больш істотна, чым у наземным грамадскім транспарце. Праект рашэння Мінгарвыканкама, які прадугледжвае такое новаўвядзенне, накіраваны на ўзгадненне ў Мінэканомікі.
Пра гэта заявіў дырэктар ДУ «Сталічны транспарт і сувязь» Валер Шкуратаў.
Калі новыя тарыфы будуць зацверджаны, то з лістапада кошт праезду ў падземцы складзе 1500 рублёў, а ў студзені — 2000—2100.
Метрапалітэн падрыхтаваўся да падаражэння загадзя, абмежаваўшы колькасць жэтонаў, якія прадаюцца пасажыру. Зараз можна купіць не больш за два ў адныя рукі. Праўда, ніхто не замінае адразу ж звярнуцца ў суседнюю касу, каб набыць яшчэ два, і зноў вярнуцца па жэтоны да першага касіра.
Істотнай эканоміяй будзе і купля праязнога, які прадаецца яшчэ па старым кошце.