Аліеў прыняў чарговага сілавіка з Беларусі

Баку наведаў дзяржсакратар Рады бяспекі Леанід Мальцаў.

27.10.2011 / 09:54

26 кастрычніка прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў прыняў дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Рэспублікі Беларусь Леаніда Мальцава, паведамляе партал day.az.

Мальцаў перадаў кіраўніку Азербайджана прывітанне прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Ён сказаў, што ад усяго сэрца далучаецца да віншавальнага паслання, накіраванага яму Лукашэнкам з нагоды выбрання Азербайджана непастаянным чальцом Рады бяспекі ААН. Пра іншыя прычыны візіту не паведамляецца.

З такім візітам 3 мая сёлета Ільхам Аліеў прыняў старшыню КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава.

Тым часам Еўрарадыё са спасылкай на БелаПАН паведамляе, што Арменію турбуюць пастаўкі беларускай зброі ў Азербайджан. Гэтую праблему збіраецца ўзняць кіраўнік пастаяннай камісіі парламенту Арменіі ў справах абароны, нацыянальнай бяспекі і ўнутраных справаў Грайр Карапецян.

Карапецян, які з’яўляецца таксама сустаршынём армяна-беларускай міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве, паведаміў, што бліжэйшым часам зробіць візіт у Беларусь. У Мінску ён мае намер сустрэцца са старшынём парламента і прэм’ер-міністрам, зь якімі абмяркуе тэму беларускіх ваенных паставак у Азербайджан. Краіны — сябры АДКБ, падкрэсліў ён тады, з’яўляюцца стратэгічнымі, ваеннымі і палітычнымі саюзнікамі і перадусім павінны пераследаваць агульныя, а не камерцыйныя інтарэсы.

«На жаль, Беларусь, якая з’яўляецца краінай-чальцом АДКБ, таксама распачала пэўныя крокі ў гэтым кірунку, і я як старшыня камісіі выказаў сваю пазіцыю беларускаму паслу», — сказаў Карапецян.

Беларусь актыўна супрацоўнічае з Азербайджанам у ваенна-тэхнічнай сфэры. Паводле звестак Рэгістра ААН па звычайных узбраеннях, у 2009 годзе Беларусь паставіла ў Азербайджан пяць штурмавікоў Су-25 і дзевяць самаходных гаўбіц 2С7 «Півоня» 203 мм, у 2008-м — тры самаходныя гаўбіцы «Півоня», у 2006-м — 41 танк Т-72, у 2005-м — 19 танкаў Т-72.