На брэсцкага праваабаронцу складзены пратакол за пікет, які ён не праводзіў

27.10.2011 / 10:05

На брэсцкага праваабаронцу Рамана Кісляка складзены пратакол за пікет, які ён не праводзіў.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Кісляка ў Брэсце 16 кастрычніка на бульвары Касманаўтаў падчас правядзення ім адзіночнага вулічнага шэсця ў падтрымку віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага. Кісляка даставілі ў Ленінскі РАУС Брэста, дзе склалі пратакол на падставе ч. 1 арт. 23.34 КоАП за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства. Ноч Кісляк правёў у ізалятары часовага ўтрымання, адкуль на наступны дзень быў дастаўлены ў суд Ленінскага раёна.

Суддзя вярнуў у міліцыю на дапрацоўку матэрыялы адміністрацыйнай справы. Да пачатку пасяджэння ён заявіў, што ў справе выяўлены недахопы.

Паводле меркавання Кісляка, справа не магла быць разгледжана ў судзе, бо са складзенага пратакола нельга зразумець, у чым канкрэтна ён абвінавачваецца, якую норму закона парушыў і якое несанкцыянаванае мерапрыемства праводзіў.

«25 кастрычніка мяне выклікалі ў Ленінскі РАУС Брэста і склалі новы пратакол, — паведаміў БелаПАН Кісляк. — У ім супрацоўнік міліцыі „выправіў“ памылкі. З гэтага дакумента вынікае, што я праводзіў не адзіночнае вулічнае шэсце, якое не падпадае пад закон аб масавых мерапрыемствах і, такім чынам, на яго не трэба атрымліваць дазвол у мясцовых улад, а несанкцыянаванае пікетаванне».

Як падкрэсліў праваабаронца, у судзе, які прызначаны на 28 кастрычніка, ён збіраецца даказаць, што не парушаў ніякіх законаў.