У Гомелі затрыманы актывіст РПСС Ілья Міронаў

27.10.2011 / 10:16

У Гомелі 26 кастрычніка затрыманы актывіст інтэрнэт-супольнасці «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Ілья Міронаў.

Як паведаміла БелаПАН знаёмая маладога чалавека Ксенія Яраслаўцава, актывіста затрымалі, калі ён пакінуў месца працы. «Яго скруцілі супрацоўнікі спецназа і павезлі ў невядомым напрамку», — сказала яна. Сувязі з затрыманым няма, дзяжурныя раённых аддзелаў унутраных спраў Гомеля адказваюць, што такога грамадзяніна да іх не дастаўлялі.

25 кастрычніка дадому да актывіста прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, якія гутарылі з яго маці і пераконвалі «паўплываць на сына» — не дапусціць яго ўдзелу ў пратэстных акцыях. Міронаў з таварышамі на працягу апошніх месяцаў з’яўляўся ўдзельнікам акцый маўклівага пратэсту, якія хоць і былі малалікімі, але кожную сераду праходзілі на пляцоўцы каля цырка.