Мінскі адвакат асуджаная за карупцыйныя злачынствы
27.10.2011 / 10:24
Судом Фрунзенскага раёна Мінска да пяці гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады і канфіскацыяй маёмасці асуджаная адвакат Таццяна Уласава. Яна прызнаная вінаватай у замаху на махлярства і падбухторванні да давання хабару ў буйным памеры.Следства па справе вёў следчы аддзел упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці.
Як паведамілі ў пракуратуры Мінска, у 2007–2008 гадах Уласава, член Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, прадстаўляла інтарэсы жыхаркі сталіцы на папярэднім следстве і ў судзе па справе аб абвінавачанні яе ў злачынствах, прадугледжаных артыкуламі 171 і 181 Крымінальнага кодэкса (выкарыстанне прастытуцыі або стварэнне ўмоў для прастытуцыі і гандаль людзьмі). Жанчына была прыгаворана да 11 гадоў пазбаўлення волі.
У чэрвені 2010 года Вярхоўны суд унёс пратэст па справе на прадмет перагляду прыгавору, і матэрыялы былі накіраваны на новы судовы разгляд. Адвакат звязалася з маці асуджанай і сказала ёй, што ёсць шанс часткова апраўдаць дачку і зменшыць тэрмін пакарання. Маўляў, для гэтага трэба даць хабар службовым асобам суда. На самой справе, як высветліла следства, перадаваць камусьці грошы абаронца не збіралася, мяркуючы, што і так тэрмін пакарання будзе скарочаны. Пры атрыманні 7 тысяч долараў адвакат была затрымана з доказамі злачынства.
Прыгавор суда Фрунзенскага раёна быў абвешчаны 6 чэрвеня 2011 года і зараз набыў моц.