За «Свабоду палітвязням» затрыманы былы палітвязень Малчанаў
Яго затрымалі ўначы.
27.10.2011 / 10:43
Фігуранта справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года Аляксандра Малчанава будуць судзіць за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Пра гэта паведаміла праваабаронца Наста Лойка.
Паводле яе слоў, супрацоўнікі міліцыі пільна сачылі за Малчанавым у Барысаве (Мінская вобласць), дзе той жыве. "Раніцай 30 верасня да Аляксандра Малчанава, які жыве ў прыватным доме разам з маці, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Паказалі санкцыю пракурора, у якой было ўказана, што нібыта ў Малчанава захоўваецца зброя. Агледзелі дом, але нічога не знайшлі", — сказала Лойка.
Праз некалькі дзён міліцыянеры прыйшлі ноччу, без позвы і без панятых зноў правялі вобыск.
Апоўначы 26 кастрычніка Малчанаў збіраўся паставіць свой аўтамабіль у гараж. Але пакуль ён адчыняў вароты, машыну заблакавалі міліцэйскія аўтамабілі.
Малчанава груба кінулі на падлогу гаража і заявілі, што будуць праводзіць надгляд аўтамабіля — нібыта ёсць звесткі, што Малчанаў можа хаваць забароненую нацыянальную сімволіку."Чарговы вобыск таксама правялі і ў доме, а Малчанава затрымалі нібыта за непадпарадкаванне і адвезлі ў Барысаўскі РАУС", — паведаміла Лойка.
Паводле яе слоў, у дачыненні да Малчанава складзены пратакол на падставе артыкула 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў). Гэты артыкул прадугледжвае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь.
Як паведаміла Лойка, суд можа адбыцца 27 кастрычніка.
Нагадаем, Малчанаў за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў Магілёве. 14 верасня быў вызвалены згодна з указам прэзідэнта аб памілаванні.