Невядомы падпаліў старасвецкі дом на вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску

28.10.2011 / 10:45

Фота з блога Антона Матолькі

У старасвецкім доме па вуліцы Рэвалюцыйнай, 26 у Мінску адбыўся пажар. Прычынай узгарання, хутчэй за ўсё, стаў падпал, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Дом у цэнтры Мінска загарэўся каля 23 гадзіны ў чацвер. Пажарных выклікаў мінак, які заўважыў, што з пабудовы валіць дым.

Работнікі МНС лакалізавалі і патушылі пажар — гарэла драўляная ашалёўка сцен у другім пад’ездзе на першым паверсе двухпавярховага неэксплутаванага жылога дома. Ён з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і зараз знаходзіцца на рэканструкцыі, таму на момант пажару нікога з жыхароў у доме не было.

Агонь пашкодзіў ашалёўку на плошчы 15 квадратных метраў. Асоба падпальшчыка высвятляецца.