Чэрвеньскі рынак у Мінску спыніць працу 1 студзеня
На яго месцы будзе іранскі гандлёвы цэнтр.
01.11.2011 / 10:11
Пра гэта паведаміў намеснік старшыні камітэта эканомікі Мінгарвыканкама, начальнік упраўлення прадпрымальніцтва Аляксандр Каліноўскі.
«Плануецца, што рынак закрыецца з 1 студзеня 2012 года, — сказаў ён. — Пачнецца пытанне вынасу ці пераносу гандлёвых кропак прадпрымальнікаў на іншыя аб’екты. Ён будзе цэнтралізаваным, гэта звязана з тым, што ў іх ролетныя боксы, кіёскі, павільёны, для перамяшчэння якіх патрэбна тэхніка, краны, пляцоўкі. Адміністрацыя гандлёвага аб’екта гатовая ўзяць на сябе частку затрат і арганізацыйную працу па вынасе або перамяшчэнні гандлёвых месцаў на іншыя аб’екты».
Як чакаецца, іранская кампанія «Дзідас» пачне падрыхтоўчыя работы па будаўніцтве гандлёвага цэнтра на тэрыторыі гэтага рынку ў сярэдзіне студзеня 2012 года.
Летам гэтага года са старшынёй Мінгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам прадпрымальнікамі Чэрвеньскага рынку было ўзгоднена,
што для іх падрыхтуюць новую пляцоўку ў мікрараёне Лошыца, куды прадпрымальнікі змогуць пераехаць да пачатку рэканструкцыі рынку.
Аднак на сустрэчы арандатараў гандлёвых кропак на рынку і прадстаўнікоў гарадскіх улад 31 кастрычніка ў Мінску Каліноўскі паведаміў, што
сёння прадпрымальнікам «няма куды перамяшчацца». Будаўніцтва новай пляцоўкі ўзамен Чэрвеньскаму рынку яшчэ не пачатае,бо на гэта не былі прадугледжаны бюджэтныя сродкі, у той час як эканамічная сітуацыя ў краіне «рэзка змянілася», сказаў ён.
Прадстаўнікі ўлады прапанавалі прадпрымальнікам перамясціцца на шэраг іншых гандлёвых аб’ектаў, сярод якіх «Ждановічы» і Камароўскі рынак. Такі стан спраў задаволіў далёка не ўсіх, і прадпрымальнікі вырашылі звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта са скаргай на тое, што гарадскія ўлады збіраюцца закрыць Чэрвеньскі рынак да стварэння новай гандлёвай пляцоўкі.
Каліноўскі заявіў, што, «зараз прадпрымальнікаў, якія гандлююць харчовымі таварамі, гатовыя забраць, працаўладкаваць і даць магчымасць працягваць прадпрымальніцкую дзейнасць на Камароўскім рынку». «Таксама гатовыя разглядаць прапановы прадпрымальнікаў, якія жадаюць прадоўжыць дзейнасць на рынку «Ждановічы», — зазначыў чыноўнік, дадаўшы, што «гучалі прапановы з ільготнымі стаўкамі арэнднай платы да 50% на перыяд раскручвання бізнесу».
Пры гэтым «асаблівы клопат» Мінгарвыканкам гатовы праявіць да такіх сацыяльных катэгорый, як інваліды, ветэраны, пенсіянеры, тых, «каму сёння фізічна цяжка займацца пытаннямі перамяшчэння, пошукаў новага месца».