Сеткавага актывіста Сяргея Паўлюкевіча хочуць забраць у войска

Але безвынікова.

01.11.2011 / 10:28

Малады чалавек, які ў пачатку верасня заявіў пра катаванні ў жодзінскай турме, цяпер знаходзіцца ў Польшчы. А ваеннай пракуратурай у Беларусі праводзіцца праверка яго выказванняў.

«Цяпер вядзецца праверка па маёй заяве наконт катаванняў. Маці выклікалі ў ваенную пракуратуру. А мяне шукаюць супрацоўнікі КДБ і ваенкаматама».

4 кастрычніка Сяргею трэба было з’явіцца ў ваенны камісарыят па месцы рэгістрацыі. «Але я ім больш не давяраю. І атрымліваецца, што я ўхіляюся ад службы. Не ведаю, што яны там могуць зрабіць яшчэ. Калі я не прыйшоў, маю маці з працы знялі супрацоўнікі КДБ. І шукалі мяне дома з людзмі з ваенкамата. Нядаўна зноў тэлефанавалі з КДБ і пыталіся ў яе, дзе я хаваюся і ці мае сэнс ехаць дадому шукаць мяне».

Сяргей пакінуў краіну ў жніўні. І толькі пасля ад’езду рашыўся расказаць пра факт катаванняў. Да гэтага яго неаднаразова затрымлівалі, на кватэры праводзілі ператрусы. Усё праз яго актыўнасць у сацыяльных сетктах. Малады чалавек з’яўляецца адміністратарам буйной суполкі «Вконтакте» «Мы за Вялікую Беларусь».

Сяргей не думае, каб афіцыйна аформіць свой статус палітэмігранта. Сваё прыбыванне за мяжой лічыць часовым.

«Пакуль неабходнасці прасіць палітычны прытулак няма. Калі зусім не будзе выхаду, тады давядзецца».

Сяргей Макарэвіч