Настасся Новікава заваявала золата чэмпіянату свету па цяжкай атлетыцы
08.11.2011 / 09:57
Беларуска Настасся Новікава (вагавая катэгорыя да 58 кг) 7 лістапада ў Парыжы ўпершыню ў кар'еры заваявала золата чэмпіянату свету па цяжкай атлетыцы. У двубор'і па суме двух практыкаванняў Настасся падняла 237 кг (101 кг у рыўку + 136 кг у штуршку). Прычым беларуска абыйшла кітаянку Лі Сюінь толькі ў апошняй спробе, штурхнуўшы 136 кг.
Для бронзавай медалісткі Алімпіяды-2008 у Пекіне Настассі Новікавай гэта першае золата дарослых чэмпіянатаў свету. Раней яна станавілася срэбнай медалісткай першынства планеты, а таксама тройчы заваёўвала золата чэмпіянатаў Еўропы.
Чэмпіянат свету ў Парыжы з'яўляецца другім і заключным этапам адбору на лонданскую Алімпіяду-2012, які ажыццяўляецца па суме ачкоў, набраных камандамі па выніках першынстваў планеты 2010 і 2011 гадоў.
Пасля мінулага чэмпіянату свету ў Турцыі жаночая зборная Беларусі ў кваліфікацыйным алімпійскім заліку была на пятым радку. Гэта дазваляе разлічваць на максімальную квоту на Гульнях-2012 у Лондане. У жанчын найбольшая колькасць ліцэнзій - чатыры - выдзяляецца для краін, якія занялі 1-9-е месца па суме двух чэмпіянатаў свету. Тры ліцэнзіі атрымліваюць каманды, якія апынуліся на 10-16-м месцах, дзве квоты атрымліваюць дружыны, якія ўгрунтаваліся на 17-21-й пазіцыях.
У жаночых спаборніцтвах чэмпіянату свету ў Парыжы акрамя Новікавай (да 58 кг), на памост выйдуць таксама Ганна Бацюшка (да 63 кг), Ірына Кулеша (да 75 кг), Дзіна Сазанавец (да 69 кг) і Марына Шкерманкова (да 69 кг ). У алімпійскі залік пойдуць выступу толькі чатырох спартвумэн.
За мужчынскую каманду выступяць Андрэй Рыбакоў (вагавая катэгорыя да 85 кг), Вадзім Стральцоў (да 94 кг), Аляксандр Макаранка (да 94 кг), Міхаіл Аўдзееў (да 105 кг), Яўген Жарнасек (звыш 105 кг) і Дзмітрый Ворнік (звыш 105 кг). Андрэй Арамнаў адмовіўся ад удзелу ў ЧС.