Байцоўскі клюб

Тэлевізія, відэа, лічба

Трымценьнік, трызьненьнік, сатырыка-анархісцкая драма паводле раману Чака Паланюка.

05.02.2007 / 08:30

Увага!

З 5 лютага 2007 г. на тэлеканале АНТ, 23.20 распачынаецца амэрыканскі сэрыял (26 выпускаў) - "Байцоўскі клюб" (2005). Але замест яго лепей паглядзець Байцоўскі клюб Дэйвіда Фінчэра. Карціна почасту дэманстравалася на тэлевізіі, ёсьць на лічбе і відэа.

Байцоўскі клюб (Fight Club)

ЗША - Нямеччына, 1999, каляровы, 139 хв.

Рэжысэр: Дэйвід Фінчэр

Ролі выконваюць: Эдвард Нортан, Брэд Піт, Гэлена Бонэм-Картэр, Міт Лаф, Рычманд Аркет

Жанр: Трымценьнік, трызьненьнік, сатырыка-анархісцкая драма паводле раману Чака Паланюка

Адзнака: 7,5 (з 10)

Сьціплы клерк зь пісталетам у руцэ ўзгадвае апошнія падзеі… Каб пазбавіцца бессані, герой (Эдвард Нортан) ходзіць у групы для безнадзейна хворых. Там ён плача, слухае чужыя споведзі – і адылі сьпіць спакойна.

Але аднойчы клерк знаёміцца з анархістам Тайлэрам Дардэнам (Брэд Піт). Новы знаёмы вучыць клерка варыць мыла з тлушчу (скрадзенага з памыйніцы касмэтычнае клінікі), абыходзіцца малым – і захапляцца агрэсіяй. Сябры засноўваюць "Байцоўскі клюб", дзе з асалодай лупяць адзін аднаго па фізіі.

Філіялы клюбу растуць, як грыбы, тэрарыстычна-падпольнае сеціва працінае грамадзтва – і герой ужо ня здольны спыніць разбурэньне…

Сатырыка-анархісцкая драма, пастаўленая па кнізе Чака Паланюка, зьдзекуецца з грамадзтва спажываньня й прарочыць пра падзеі 11 верасьня. Сытае грамадзтва цяжарнае тэрарызмам, экзыстэнцыйная нуда вядзе да агрэсіі. Але фільм складанейшы: кпіны фліртуюць з дасьціпнымі кінацытатамі, апакаліптычны фінал абрынаецца шокавым адкрыцьцём, а ў субтытрах схаваны зьдзек.

Для старой гісторыі пра містэра Джэкіла й доктара Гайда Дэйвід Фінчэр знаходзіць самае нечаканае кінаўвасабленьне.

Усе фільмы