Грызлоў: Сыплюцца левыя, сацыялістычныя рэжымы. З правымі ўсё ў парадку
25.11.2011 / 09:34
Прэм’ер Расіі Уладзімір Пуцін упершыню расказаў, што ў 2008 годзе збіраўся прыпыніць паўнамоцтвы Дзярждумы, каб урад мог без ухвалення парламента прымаць рашэнні аб тым, як змагацца з эканамічным крызісам, але яго, як сказаў Пуцін, ад гэтай ідэі адгаварыў спікер Барыс Грызлоў.
«Думаю, што будзе дарэчы сёння прачыніць нашу ўнутраную кухню», — сказаў Пуцін на сустрэчы з кіраўніцтвам «Адзінай Расіі».
«Барыс Вячаслававіч, я памятаю, як мы з вамі дыскутавалі, і частка чальцоў урада лічыла, што парламент павінен у гэтых умовах, у крызісных, проста перадаць ураду паўнамоцтвы па прыняцці рашэнняў. Вы настаялі на тым, што трэба дзейнічаць у рамках заканадаўства, пакінуць парламенту тое, што яму належыць па законе, і тады вы мне сказалі, што мы вам абяцаем, мы будзем прымаць гэтыя рашэнні хутка і нічога не зацягнем «, — сказаў Пуцін.
Грызлоў нагадаў, што Дзярждума падтрымлівала ўсе рашэнні ўрада падчас крызісу.
«Хацеў бы адзначыць, што фракцыя „Адзіная Расія“ кансалідавана галасавала на ўсіх пленарных паседжаннях — узровень кансалідацыі складае 98%. Гэта вельмі важнае дасягненне», — лічыць Грызлоў.
Грызлоў таксама пракаментаваў падзеі, якія адбываюцца за мяжой.
«Хачу звярнуць увагу на тое, што рэжымы ў краінах, якія цяпер фактычна сыплюцца ў Еўропе, — гэта рэжымы сацыялістычныя, значыць, левыя. Правы рэжым у Германіі — ХДС/ХСС, і там усё ў парадку», — працягнуў спікер.