Пачаліся перамовы паміж мінскімі ўладамі і прадпрымальнікамі Чэрвенскага рынку

25.11.2011 / 09:52

24 лістапада ў актавай зале адміністрацыі Ленінскага раёна прайшоў сход з удзелам некалькіх сотняў прадпрымальнікаў, кіраўнікамі горада і раёна, сярод якіх быў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Уладзімір Калтовіч,
паведаміў індывідуальны прадпрымальнік Васіль Бараноўскі, які гандлюе на рынку. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі іранскай кампаніі «Дзідас Інтэрнэшнл Груп», якая будзе будаваць на тэрыторыі рынку гандлёвы цэнтр.

«Сход доўжыўся гадзіны дзве з паловай. Калтовіч пачаў размову з таго, што рынак будзе закрыты 1 студзеня і рашэнне пра гэта прынята ўжо даўно, і мы павінны былі да гэтага падрыхтавацца. Людзі яго перабівалі, задавалі пытанні, і ён асноўныя пытанні запісваў», — сказаў Бараноўскі.

У выніку, паводле яго слоў, Калтовіч заявіў, што на такім сходзе нічога не вырашыць — колькі людзей, столькі і меркаванняў. Чыноўнік прапанаваў абнародаваць асноўныя пытанні, якія варта абмяркоўваць пачынаючы з 25 лістапада ў больш вузкім складзе.

«У пятніцу мы будзем весці размову аб тым, што мы хочам пераехаць разам і каб нам зрабілі пляцоўку,
 — сказаў Бараноўскі. — Нам не трэба тры ці пяць паверхаў. Нам патрэбен просты рынак на адным узроўні. Трэба ведаць, хто гэта будзе фінансаваць: мы ці бюджэт. Пенсіянераў, якія на новы рынак пераязджаць не будуць, цікавіць пытанне кампенсацыі ўкладанняў у працоўныя месцы на Чэрвенскім рынку. Дзяржаўнаму прадпрыемству „Чэрвенскі рынак“ кампенсуюць за будынак, за збудаванні, за час, на працягу якога будзе будавацца новы аб’ект, а прадпрымальнікам — не. Крыўдна неяк».

Час пачатку перамоў у вузкім складзе стане вядомы пасля сустрэчы Калтовіча са старшынёй Мінгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам, паведаміў Бараноўскі.

23 лістапада на сходзе прадпрымальнікаў Чэрвенскага рынку быў аб’яўлены перадзабастовачны стан.
«У суботу забастоўкі не будзе, — паведаміў Бараноўскі. — Мы вырашылі, што называецца, пагнаць хвалю. Мы тры месяцы чакалі, што нам прапануюць. Трэба ж з людзьмі спачатку вырашыць. Мы не супраць. Мы толькі хочам працаваць у Мінску».

21 чэрвеня на сустрэчы з прадпрымальнікамі Мікалай Ладуцька заявіў, што гарадскія ўлады разглядаюць два варыянты новых пляцовак у Ленінскім раёне сталіцы, куды можна перанесці рынак. «Мы абмяркоўвалі варыянт у мікрараёне Лошыца, але вырашылі, што там пляцоўка не зусім падрыхтавана, там адсутнічаюць інжынерныя камунікацыі», — сказаў Ладуцька.

Ён абавязаўся на працягу тыдня праінфармаваць прадпрымальнікаў пра канкрэтнае месцазнаходжанне новай пляцоўкі і паведаміў, што частку работ па арганізацыі новай пляцоўкі гатова ўзяць на сябе адміністрацыя Камароўскага рынку, у чыім ведамстве знаходзіцца і Чэрвенскі рынак. Акрамя таго, паводле слоў Ладуцькі, частка сродкаў, якія пералічыць іранская кампанія «Дзідас», будзе выкарыстана для ўладкавання новай тэрыторыі рынку.

Аднак 31 кастрычніка прадстаўнікі раённай і гарадской улады паведамілі прадпрымальнікам, што пераязджаць ім няма куды: будаўніцтва новай пляцоўкі ўзамен Чэрвенскага рынка яшчэ не пачата, паколькі на гэта не былі прадугледжаны бюджэтныя сродкі. Чыноўнікі параілі прадпрымальнікам перайсці на іншыя гандлёвыя аб’екты — рынак «Ждановічы», Камароўскі рынак і г.д., але большасць арандатараў гандлёвых кропак гэта прапанова не задаволіла.

На прэс-канферэнцыі 18 лістапада Ладуцька паведаміў, што рынак у Лошыцы ўзамен Чэрвенскага будзе пабудаваны праз паўтара-два гады.