У Мінску злавілі офіснага злодзея. Грузчык краў, што бачыў

На рахунку 34-гадовага мужчыны могуць быць дзясяткі злачынстваў.

25.11.2011 / 10:59

Грузчыка з Мінска абвінавачваюць у здзяйсненні 15 офісных крадзяжоў, паведаміла прэс-афіцэр Савецкага РУУС сталіцы Вольга Яскевіч.

Паводле звестак міліцыі, карыстаючыся няўважлівасцю супрацоўнікаў, якія пакідалі дзверы офісаў незамкнёнымі, ён пранікаў у кабінеты і забіраў тое, што кепска ляжала. У асноўным гэта былі жаночыя сумачкі і гаманцы.

Як мяркуюць аператыўнікі, на рахунку 34-гадовага мужчыны можа быць не 15 такіх злачынстваў, а значна болей. Яны правяраюць яго на дачыненне да іншых аналагічных крадзяжоў. У дачыненні да затрыманага заведзена крымінальная справа па ч.2 арт.205 «Крадзеж» КК, якая прадугледжвае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.