Генпракуратура хавае, хто даў дабро на праслухоўванне экс-кандыдатаў

Чыноўнікі спасылаюцца на закон.

25.11.2011 / 11:37

Яшчэ ў ліпені тагачасны генпракурор Рыгор Васілевіч паведаміў аб правядзенні парверкі па факце праслухоўвання. Але не назваў вынікі. Маўляў, трэба глядзець дакументы.

Месяц назад «НН» звярнулася ў Генеральную пракуратуру Беларусі, якую цяпер узначальвае Аляксандр Канюк. Папрасілі прадставіць інфармацыю аб выніках праверкі. Хто і на якой падставе выдаваў санкцыі, калі санкцыі прысутнічалі, на праслухоўванне тэлефонных размоў Дзмітрыя Уса, Мікалая Статкевіча, Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева?

«Даводжу на Вашага ведама, што дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжана магчымасць выдачы органамі пракуратуры звестак, якія Вы запытваеце»,

— сказана ў адказе з Генпракуратуры.

Пра факты праслухоўвання было вядома і раней. Але раней пра гэта не заяўлялі з гордасцю. Пасля выбараў 2010 года прарвала. Першымі аб праслухоўванні экс-кандыдатаў і іх штабоў заявілі дзяржаўныя СМІ. Найбольш поўна карціна пачала вымалёўвацца з пачаткам судовых працэсаў над удзельнікамі Плошчы.

Сяргей Макарэвіч