На Аўгустоўскім канале пачнецца будаўнічы бум

25.11.2011 / 12:25

Праграма развіцця парку «Аўгустоўскі канал» на 2012–2015 гады прадугледжвае прыцягненне сродкаў для будаўніцтва турыстычнай інфраструктуры.
Аб’ём фінансавання складзе не менш за 8,8 млрд рублёў.

За час рэалізацыі праграмы плануецца распрацаваць генеральны план развіцця парку, рэалізаваць інвестпраекты, уладкаваць інфраструктуру і дарогі. Пабудуюць прычалы, добраўпарадкуюць месцы адпачынку, комплексам відэаназірання абсталююць участак дарогі ў раёне пункта пропуску «Лясная» («Рудаўка»), створаць турыстычную арганізацыю, інтэрнэт-сайт.

З агульнай сумы выдаткаў сродкі рэспубліканскага бюджэту складуць 2,8 мільярда руб., Фонду развіцця СЭЗ «Гроднаінвест» — 5,95 мільярда, уласныя сродкі арганізацый — 90 мільёнаў.

Як сказана ў дакуменце, прадугледжана падзяліць тэрыторыю парку на 4 зоны для сямейнага, рэкрэацыйна-забаўляльнага, спартыўна-аздараўленчага і аздараўленчага адпачынку.

Будзе створаны пункт пропуску праз мяжу Беларусі «Сафіева» («Ліпшчаны») для злучэння з Польшчай.

Агульная плошча тэрыторыі спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал» складае 5 749,88 гектара.