Нясвіжскі замак упрыгожыць габелен барысаўскіх ткачых

25.11.2011 / 12:29

Копія ўнікальнага габелена ХVІІ стагоддзя «Наданне княжацкага тытула Мікалаю Радзівілу Чорнаму», вытканая барысаўскімі ткачыхамі, зойме ганаровае месца ў Нясвіжскім палацы пасля завяршэння ў ім работ па рэстаўрацыі і рэканструкцыі.

Кіравала работамі па аднаўленні беларуская майстрыха, сябра Саюза мастакоў і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Ніна Пілюзіна. Арыгінал габелена, імаверна, калісьці ўпрыгожваў інтэр’еры палаца ў Нясвіжы. Цяпер ён захоўваецца ў польскім музеі ў Небарове. Купіць яго ці ўзяць на часовае карыстанне нельга, таму было вырашана зрабіць копію.

Памеры габелена адносна невялікія — 90 на 160 сантыметраў, але гэта толькі ўскладніла працэс: такі памер патрабуе больш карпатлівай працы над намаляванымі асобамі, фігурамі, прадметамі.