У Брэсце тры крамы прадаюць прадукты са зніжкай для пенсіянераў
25.11.2011 / 12:36
Як паведамілі ва ўпраўленні гандлю і паслуг Брэсцкага гарвыканкама, у лістападзе тры харчовыя крамы ў абласным цэнтры пачалі працаваць у адмысловым сацыяльным фармаце.
Гэта
Мяркуючы па першай рэакцыі пакупнікоў, ад заяўленай доўгатэрміновай акцыі чакалі сапраўднага цуду, нечага накшталт практычна бясплатнай раздачы прадуктаў. Зніжэнне цэн на 600 рублёў або на пару тысяч хтосьці палічыў мізэрным і ўспрыняў ледзь не як падстава для крыўды.
Але чакаць, што на цэнніках з’явяцца лічбы ўдвая ніжэйшыя за папярэднія, недарэчна. Не ў кампетэнцыі гандлю мяняць адпускныя цэны, а зніжкі на асобныя групы тавараў з катэгорыі сацыяльна значных з’яўляюцца за кошт памяншэння гандлёвай надбаўкі.
«Паніжэнне да 5,5% гандлёвай надбаўкі на малочную прадукцыю не пакрые выдаткі крамы на электраэнергію, скарыстаную для працы халадзільніка, у якім захоўваецца тое самае малако», — тлумачыць начальнік аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання упраўлення гандлю і паслуг гарвыканкама Надзея Шамава.
Тым не менш, пенсіянеры радыя.
— Гэта спачатку здалося — капейкі, не варта і ўвагі, — усміхаючыся, кажа Клара Міхайлаўна, якая жыве па суседстве з «Арбітай». — А потым мы для цікавасці з мужам пачалі запісваць — колькі і на чым зэканомілі дзякуючы новаўвядзенням, якія для пенсіянераў прапанавала крама. Хоць у нас у Беларусі капейкі не ходзяць, але менавіта на дробязі выйшла адчувальная для дваіх старых штодзённая эканомія.