За мяжу — не выходзячы з аўто

У Каменным Логу пачаўся новы эксперымент.

06.12.2011 / 13:35

З 1 снежня супрацоўнікі Смаргонскай памежнай групы сумесна з Ашмянскай мытняй і транспартнай інспекцыяй праводзяць эксперымент у аўтадарожным пункце пропуску «Каменны Лог». Сутнасць яго ў тым, што грамадзяне, якія перасякаюць мяжу ў якасці пасажыраў, могуць не выходзіць з машыны.

У ходзе эксперыменту ўкараняецца наступны парадак перасячэння мяжы для легкавых транспартных сродкаў, якія ідуць у краіны Еўрапейскага саюза:

— прастаяць у чарзе на пад’ездзе да пункта пропуску;

— пасля ўключэння зялёнага сігналу святлафора пад’ехаць да шлагбаўма;

— калі шлагбаўм узнімецца, заехаць на тэрыторыю пункта пропуску да месца праходжання пашпартнага кантролю і праверкі транспартнага сродку;

— аддаць памежніку дакументы на права перасячэння мяжы і тэхнічны пашпарт на транспартны сродак — для афармлення дакументаў;

— памежнік аглядае транспартны сродак, калі той рухаецца па «зялёным» калідоры;

— памежнік вяртае дакументы;

— транспартны сродак з пасажырам пад’язджае да выезду з пункта пропуску, дзе яго выпускаюць з пункта пропуску.

Пры ўездзе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь парадак перасячэння мяжы для легкавых транспартных сродкаў аналагічны за выключэннем таго, што кантрольны талон па-ранейшаму выдаецца на пад’ездзе да пункта пропуску і забіраецца пры выездзе з пункта пропуску.

Калі легкавы транспартны сродак рухаецца па «чырвоным» калідоры, то пасля праходжання пашпартнага кантролю накіроўваецца на аўтамабільны і мытны кантроль.

Для грузавога транспарту і пешаходаў парадак перасячэння мяжы не змяніўся.