У Мінску пройдзе каля 80 навагодніх мерапрыемстваў

07.12.2011 / 16:13

У Мінску адбудуцца 83 навагоднія культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, што на два дзясяткі больш, чым было летась, паведаміў першы намеснік начальнік ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 7 снежня. Большасць мерапрыемстваў — 64 — пройдуць у мікрараёнах горада.

Мядзведзеў зазначыў,

што ў сталіцы ўжо ўстаноўлены 12 ёлак. Да 15 студзеня ў горадзе будуць праходзіць калядныя кірмашы.

Паводле слоў Мядзведзева, 24 снежня ў 12 гадзін на Кастрычніцкай плошчы пачнецца шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак, у якім возьмуць удзел прыкладна 700 казачных персанажаў (летась іх было каля 500).

У навагоднюю ноч святочныя праграмы пачнуцца пасля апоўначы каля Нацыянальнай бібліятэкі і Палаца спорту. Выступяць фальклорныя калектывы, эстрадныя выканаўцы.

Феерверк пачнецца ў 1.30 каля стэлы «Мінск — горад-герой».

Паводле слоў Мядзведзева, транспарт у навагоднюю ноч будзе «працаваць ва ўзмоцненым рэжыме». Плануецца павялічыць колькасць рухомага саставу.