Расмусэн: адказ Расіі на ПРА — марнаванне грошай, лепш бы паляпшалі жыццё свайго народа
08.12.2011 / 09:26
Генеральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн заклікаў улады Расіі выдаткоўваць грошы на мадэрнізацыю краіны,а не на меры ў адказ, якія, ва ўяўленні Масквы, маглі б нейтралізаваць эфект ад размяшчэння аб’ектаў СРА ЗША ва Усходняй Еўропе.
«Расійскія меры процідзеяння сістэме СРА стануць марнаваннем грошай», — заявіў Фог Расмусэн напярэдадні сустрэчы ў Брусэлі міністраў замежных справаў 28 краін — сябраў альянсу.
Гэтыя сродкі, па словах генеральнага сакратара, са значна большай карысцю можна было б патраціць на карысць народа, на стварэнне новых працоўных месцаў і мадэрнізацыю расійскага грамадства.
Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў у канцы лістапада заявіў, што Расія прыме жорсткія меры ў адказ на разгортванне ЗША сістэмы ЕўраСРА.