Берасцейцаў падпусцяць да Буга
08.12.2011 / 10:35
Брэсцкія памежнікі перададуць мясцовым уладам пешаходны мост, які вядзе на тэрыторыю вострава Пагранічны (Цярэспальскі).
Пра гэта паведаміў начальнік Брэсцкай памежнай групы палкоўнік Сяргей Брытаў на паседжанні камісіі па пытаннях правядзення дзяржаўнай пагранічнай палітыкі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Нарада прайшла ў Пінску з удзелам прадстаўнікоў кіраўніцтва Дзяржпагранкамітэта, Брэсцкага аблвыканкама, прыгранічных раёнаў і іншых дзяржструктур.
Як растлумачылі ў прэс-службе Брэсцкай памежнай групы, па падвесным мосце звычайныя людзі змогуць трапіць на раней закрыты Пагранічны востраў, дзе па даручэнні прэзідэнта павінная быць створана турыстычная інфраструктура, бо тут знаходзілася Цярэспальскае ўмацаванне Брэсцкай крэпасці, рэшткі якога захаваліся да гэтага часу. Пакуль у якасці эксперыменту будзе выкарыстоўвацца пешаходны масток, а ў перспектыве плануецца аднавіць стары мост ад Цярэспальскіх варот Брэсцкай крэпасці на востраў Пагранічны.
Магчыма, гэта першыя крокі да рэалізацыі праекта па стварэнні міжнароднага турыстычнага пешаходнага пераходу «Брэст-Цярэспаль», пра што беларускі і польскі бакі казалі яшчэ ў сакавіку. Пры наяўнасці мастоў прагуляцца пешшу за Буг праз памежны востраў жыхары 30-кіламетровай зоны змогуць пасля таго, як пачнуць дзейнічаць пагадненні па малым прыгранічным руху.
http://www.region.ej.by/