Кавалёў і Канавалаў атрымалі копіі прысуду Вярхоўнага суда

08.12.2011 / 12:00

Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў, прыгавораныя Вярхоўным судом Беларусі да смяротнай кары па справе аб тэракце ў мінскім метро, 6 снежня атрымалі копіі судовага прыгавору.

Аб тым, што копію прыгавору атрымаў Кавалёў, паведаміла яго маці. Паводле інфармацыі абароны Канавалава, ён таксама атрымаў на рукі копію прыгавору.

Між тым,

у камісію па памілаванні пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ніякіх дакументаў па справе Канавалава і Кавалёва пакуль не паступала.
Пра гэта паведаміў 8 снежня член камісіі па памілаванні, старшыня камісіі па заканадаўстве і дзяржбудаўніцтве Савета Рэспублікі Яўген Смірноў.

Паводле яго слоў, пасля паступлення ў камісію прашэнняў аб памілаванні ад асуджаных будуць запатрабаваныя ўсе неабходныя матэрыялы з Вярхоўнага суда, Генеральнай пракуратуры і Міністэрства юстыцыі, у якіх павінны быць цалкам абгрунтаваныя прынятыя па гэтай справе рашэнні. Толькі пасля гэтага камісія пачне вывучэнне матэрыялаў, а затым — прадставіць сваё меркаванне прэзідэнту.

Смірноў сумняваецца ў тым, што

камісія пачне працаваць па справе Канавалава і Кавалёва да канца гэтага года.

Па законе прашэнне аб памілаванні павінна быць пададзенае асуджанымі на працягу дзесяці сутак пасля атрымання імі копіі прыгавору. Тэрміны разгляду прашэння не рэгламентаваныя.

Нагадаем, 30 лістапада Вярхоўны суд прыгаварыў Канавалава і Кавалёва да смяротнай кары, прызнаўшы, што яны «ўяўляюць выключную небяспеку для грамадства».

Канавалаў прызнаны вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, тэрарызме, спалучаным з забойствам людзей.

Кавалёў прызнаны вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, неданясенні аб падрыхтоўцы асабліва цяжкага злачынства, а таксама ў дапамаганні тэрарызму.

1 снежня Любоў Кавалёва звярнулася да кіраўніка дзяржавы з прашэннем аб памілаванні сына.

2 снежня Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў у Брэсцкай вобласці, заявіў, што рашэнне па пытанні магчымага памілавання Канавалава і Кавалёва прыме ў найбліжэйшы час. «Я павінен падпісаць указ і пацвердзіць рашэнне суда, або ж, калі звярнуліся па памілаванне, я павінен разгледзець гэтыя дакументы. Гэта самае цяжкае, што можа быць у рабоце прэзідэнта», — сказаў Лукашэнка. З аднаго боку, адзначыў ён, тое, што адбылося, для Беларусі «анамальна» і «недапушчальна» — у выніку тэракта загінулі людзі. З другога боку, дадаў Лукашэнка, ёсць бацькі асуджаных, частка грамадства, якая стала на абарону. «І вось пачынаеш усё гэта ўзважваць. Я прыму рашэнне ў найбліжэйшы час і абавязкова вас праінфармую», — паабяцаў Лукашэнка.