Ірландыя: мова наша, мова...

09.12.2011 / 10:59

«Ірландская мова — гэта не сэксі»,
 — 42-гадовы ірландзец, у мінулым бармэн, а цяпер студэнт паліталогіі Універсітэта Корка Дэклан Кіцін разважае пра лёсы яго сям’і, яе мовы і краіны ў ХХ стагоддзі. Мы едзем па хуткасным аўтабане ў самым сэрцы Ірландыі, за дзве гадзіны перасякаючы амаль усю выспу ў кірунку сталіцы рэспублікі — Дубліна. Вакол плывуць краявіды, што дзіўным чынам нагадваюць беларускія, і ў галаву прыходзяць думкі пра падабенства маёй радзімы і гэтай выспы на ўскрайку Еўропы. Адно з галоўных падабенстваў хаваецца ў моўным пытанні: ні беларусы, ні ірландцы дагэтуль не вырашылі, што рабіць з нацыянальнымі мовамі.

Усе афіцыйныя надпісы ў Дубліне, у тым ліку на гэтым турыстычным указальніку, прадубляваныя па-ірландску.

Школа, у якой дзеці вучацца выключна па-ірландску.

«Гэта шляхетна — мець уласную мову, — кажа Дэклан. — Таму і жудасна, што такая сітуацыя склалася з гэльскай. Але размаўляць па-ірландску не сэксі.

Вось танчыць ірландскія танцы — гэта сэксуальна. А гаварыць па-ірландску- не».

Але моўныя пытанні паўсталі ў гэтай былой ангельскай калоніі не ўчора. Ужо з канца XVII стагоддзя ірландцы мелі вялікія праблемы з мовай: брытанцы не дазвалялі ім кіраваць сваёй краінай, а тым больш выкарыстоўваць нацыянальную мову ў афіцыйных зносінах і адукацыі.

«Калі ты хацеў атрымаць адукацыю, то мусіў размаўляць па-ангельску, калі хацеў мець добрую працу — тваёй мовай мусіла быць усё тая ж ангельская,
 — кажа Дэклан. І цяпер, дарэчы, тое ж самае: калі хочаш зарабіць хоць крыху грошай, ты мусіш ведаць ангельскую. Ніякіх кантрактаў на ірландскай».

Сапраўды, энцыклапедыя кажа, што доўгія стагоддзі Ірландыя знаходзілася пад акупацыяй Англіі. Нашмат большы час, дарэчы, чым Беларусь — пад расійскай акупацыяй. Хоць пісьменнасць была ў кельтаў здаўна (цяперашнія ірландцы лічаць сябе спадкаемцамі гэтых колісь магутных плямёнаў), але першая друкаваная кніга па-ірландску выйшла на 50 гадоў пазней за беларускую, а ўнармаванне ірландскага правапісу адбылося толькі пасля канчатковага разрыву з Вялікабрытаніяй — у 1949 годзе. Вялікую шкоду ірландскай мове нанёс голад і павальная міграцыя другой паловы ХІХ стагоддзя. А таксама масавая ангельскамоўная адукацыя.

Мова эліты ці правінцыі?

Прафесар эканомікі з універсітэта Ольстэра Вані Боруг кажа, што

цяпер валоданне ірландскай у Ірландыі — гэта прыкмета, паводле якой чалавека можна аднесці да эліты. Таксама, як і слуханне класічнай музыкі альбо веданне Шэкспіра.

«Нават калі ўлічваць толькі сацыяльна-эканамічныя паказчыкі, то з двух чалавек з аднолькавым статусам той, хто валодае ірландскай, будзе мець невялікую, але істотную перавагу над другім», — кажа прафесар.

Даследаванне, якое ён з калегамі апублікаваў год таму, руйнуе даўні міф пра тое, што ірландская — гэта мова бедных жыхароў аддаленых вёсак. Сапраўды, рэгіёны, дзе людзі дагэтуль карыстаюцца ірландскай штодзень, захаваліся. Але знаходзяцца яны далёка ад сталіцы на атлантычным узбярэжжы. Паводле вынікаў апошняга перапісу,

з 6-мільённага насельніцтва выспы прыкладна 72 тысячы выкарыстоўваюць гэльскую як мову штодзённага ўжытку. І толькі каля 1,5 млн валодаюць гэтай мовай на добрым узроўні, а 4 мільёны ірландцаў могуць сказаць на гэльскай літаральна некалькі словаў.

Але ольстэрскі прафесар даволі аптымістычна глядзіць на сітуацыю. Паводле яго даследавання, з тых, хто займае найлепшыя пасады ў краіне, 42% лёгка могуць размаўляць па-гэльску. Супраць 27% тых, хто не здольны размаўляць на ёй увогуле. Прасцей кажучы тыя, хто ведае ірландскую, зарабляе болей за тых, хто ёй не валодае.

Элітнай мовай, але з іншым адценнем «элітнасці» лічыць ірландскую і Дэклан:

«Існуе пэўны снабізм вакол ірландскай: калі ты робіш памылкі ў ёй ці вымаўляеш няправільна словы, то цябе могуць абвінаваціць у тым, што ты зусім не валодаеш гэльскай, — тут мужчына прыгадвае выпадак са свайго ўласнага школьнага вопыту. — Мой школьны настаўнік гэльскай быў з тых ірландцаў, што з дзяцінства штодня карысталіся менавіта гэтай мовай. І ён часта агрэсіўна дакараў мяне за маўленчыя памылкі:

„Чаму ты адкрываеш рот, калі не можаш нармальна размаўляць па-гэльску?“ — чуў я ад яго ўвесь час, калі рабіў чарговую памылку ў вымаўленні. Гэты чалавек адбіў у мяне ўсялякае жаданне размаўляць па-ірландску на доўгія гады.

„Ты не добры ірландзец, калі не здольны размаўляць па-ірландску“, — кажуць у нас. Але мой дзед не размаўляў па-гэльску, затое быў жаўнерам Ірландскай рэспубліканскай арміі (у пачатку ХХ стагоддзя змагалася за незалежнасць Ірландыі ад Вялікабрытаніі) і тры разы быў арыштаваны. Таму для мяне неістотна, можа чалавек размаўляць па-ірландску ці не. Галоўнае — гэта тое, што ён, як мой дзед, можа аддаць жыццё за сваю краіну», — кажа Дэклан.

Стаў прэзідэнтам? Вучы мову!

«Майкл Дзі Хігінс набраў 701 101 голас», — за трыбунай з выявай залатой арфы — герба Ірландыі — прыгожая кіраўніца ірландскага цэнтрвыбаркаму па-гэльску абвяшчае першыя вынікі падліку галасоў на прэзідэнцкіх выбарах. Я стаю ля сцэны як удзельнік праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка», у межах якога каля 40 маладых беларусаў прыехалі ў гэтую краіну дзеля знаёмства з ірландскім выбарчым вопытам. Вакол мяне — некалькі дзясяткаў рэпарцёраў, што нястомна шчоўкаюць затворамі камераў і ўслухоўваюцца ў лічбы, абвешчаныя па-ірландску. Узнікае адчуванне, што адзінкі з прысутных разумеюць «гэльскія» вынікі: замест слёз радасці ці гора ў зале ў адказ на агучаныя лічбы вісіць цішыня.

Але як толькі абвяшчэнне вынікаў пераходзіць на ангельскую, усё становіцца на свае месцы:
прыхільнікі кандыдатаў пляскаюць кожнай лічбе свайго фаварыта, а рэпарцёры занатоўваюць іх.

У вуснах беларускага прэзідэнта нацыянальная мова — мова нянавісці, абразы тых, хто думае інакш. У вуснах афіцыйных ірландскіх асобаў гэльская мова — справа звычайная, але гэткая ж нежывая, як і мова школьных падручнікаў на ўроках гэльскай, якія там абавязковыя. Новаабраны прэзідэнт, 73-гадовы англамоўны паэт Майкл Дзі Хігінс, колісь займаў пасаду міністра гэльскай мовы. У сярэдзіне 90-х ён нават спрычыніўся да заснавання першага ірландскамоўнага ТБ-канала. Цяпер яму, у адрозненне ад яго асноўнага суперніка на тых выбарах — маладой тэлезоркі і прадпрымальніка Сіна Галахера — не давядзецца вучыць ірландскую, як тое рабілі, у адпаведнасці з патрабаваннямі статусу, двое ягоных папярэднікаў.

Перадвыбарчая кампанія, як, здаецца, і ўсё ірландскае жыццё, праходзіла амаль выключна на ангельскай. Аднак адны дэбаты вырашана было арганізаваць па-ірландску. Атрымалася і камічна, і трагічна адначасова: вядоўца задаваў пытанні па-ірландску, а кандыдаты адказвалі па-ангельску. Знайшліся нават такія кандыдаты, што не здолелі ніводнага слова сказаць на нацыянальнай мове ў інтэрв’ю перад дэбатамі. Зрэшты, яны, як і прадстаўнік трохі табуяванай палітычнай нацыяналістычнай сілы Ірландскай рэспубліканскай арміі, не здолелі набраць шмат галасоў.

Тамтэйшы нацыяналізм амаль не асацыюецца з нейкім асабліва пяшчотным стаўленнем да мовы.

«На вуліцы лягчэй пачуць кітайскую, чым ірландскую»

Заходзім у будынак школы ў Корку на поўдні Ірландыі, якую ён калісьці наведваў. Сёння дзень выбараў, і цяпер у гэтай школе месціцца выбарчы ўчастак. Пра гэта сведчыць шыльда, на якой ангельскамоўнае «Polling Station» абавязкова прадубляванае ірландскім «Stáisiún vótála». Тое ж самае і з усімі вуліцамі ў гарадах, афіцыйнай інфармацыяй, вітаннямі ў аэрапорце нарэшце.

Ірландская разам з ангельскай мае статус дзяржаўнай, але ірландская — усё ж «першая афіцыйная».
Да гэтага шыльдавага дзвюхмоўя не адразу прызвычайваешся, але з часам перастаеш заўважаць іншы шрыфт незнаёмых ірландскамоўных надпісаў на будынках.

Дэклан заходзіць у сваю школу са змяшанымі пачуццямі: тут яго навучылі ірландскай («Мой дзядуля нарадзіўся ў 1900 годзе, і ніхто з яго сям’і не размаўляў па-ірландску, тое ж было і з яго дзецьмі») і тут жа яму прывілі нелюбоў да яе.

«Мой бацька і маці выраслі ў горадзе, і яны былі часткаю гарадской брытанска-амерыканскай культуры. Мая школа і школа маіх дзяцей — ангельскамоўная. Я нават ірландскую вучыў па-ангельску», — кажа ён.

«І яны не здолелі навучыць мяне ірландскай за 14 гадоў. Можа быць, я надта лянівы, каб вучыць гэту мову. Але мая гэльская цяпер выпраўляецца, бо я мушу дапамагаць з ёй дзецям у хатніх заданнях». Дзеці Дэклана ходзяць у ангельскамоўную школу, дзе па-ірландску выкладаецца толькі некалькі гадзінаў на тыдзень. Многія бацькі адпраўляюць дзяцей у выключна ірландскамоўныя школы, бо лічаць тамтэйшы ўзровень адукацыі лепшым. Але вышэйшая адукацыя ўсё роўна даступная толькі на ангельскай.

«Неяк аднаму з кандыдатаў у прэзідэнты ў час сустрэчы ў маім універсітэце задалі пытанне па-ірландску, — расказвае Дэклан. — „Я вучыў ірландскую мову ў школе, але адказаць на пытанне па-ірландску не магу“, — сказаў кандыдат тады. Калі ж ён запытаў іншых прысутных на сустрэчы студэнтаў і выкладчыкаў, ці зразумелі яны гэта гэльскае пытанне, адзінкі адказалі станоўча».

Наталля, 27-гадовая армянка, ужо некалькі гадоў жыве ў Ірландыі са сваім расійскім мужам. Па яе словах, усе знаёмыя ірландцы, якіх яна распытвала пра веданне мовы, казалі толькі пра школьныя веды, на якія з часам забываліся. А адна маладая пара неяк заявіла, што хоць і лічаць сябе нацыяналістамі, размаўляюць яны выключна па-ангельску.

«На пытанне, чаму ж не па-ірландску, пара ганарліва заявіла, што, маўляў, брытанцы скралі ў іх мову»,
 — кажа Наталля. Ірландцы імкнуцца давесці, што «акупанты» — так дагэтуль называюць тут брытанцаў — не адразу «пазбавілі» іх мовы. Спатрэбіліся стагоддзі: яшчэ ў пачатку ХХ ст. за вымаўленне ірландскага (і беларускага!) ‘г’ у ангельскіх словах можна было атрымаць штраф. Але фрыкатыўнае ‘г’ можна пачуць з вуснаў ірландцаў дагэтуль.

«Больш верагодна, што вы пачуеце кітайскую мову ў цэнтры Дубліна, чым ірландскую», — мы з Дэкланам стаім у цэнтры сталіцы Ірландыі. Я аглядаюся навокал, і бачу сярод мінакоў амаль адных тыповых ірландцаў: прадстаўнікоў іншых расаў тут, параўнальна з іншымі еўрапейскімі сталіцамі, няшмат. Але тое не надта павялічвае мае шанцы ўсё ж пачуць ірландскую — калі яшчэ не памерлую, то амаль страчаную яе народам мову.