Чаму ўлады перадумалі прадаваць «Беларуськалій»?
09.12.2011 / 12:31
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў кошт «Беларуськалія» ў суме 30 мільярдаў даляраў і заявіў, што пакуль няма неабходнасці спяшацца з яго прыватызацыяй.
Чаму беларускія ўлады перадумалі прадаваць Беларуськалій? Ці павінен заставацца дзяржаўны кантроль над такімі стратэгічнымі прадпрыемствамі, ці іх можна аддаць у прыватныя рукі? Наколькі адэкватнай выглядае цана 30 мільярдаў даляраў?
На гэтыя ды іншыя пытанні адказвае эксперт Беларускага эканамічнага
Цыганкоў: Ці можна расцэньваць словы кіраўніка дзяржавы як сведчанне таго, што на дадзены момант у беларускай улады няма вострай неабходнасці нешта тэрмінова прадаваць, і таму прыватызацыя «Беларуськалія» пакуль адкладзеная?
Крук: Менавіта так. Эканамічныя ўлады разглядаюць прыватызацыю найперш з пункту гледжання таго, колькі грошай гэта можа прынесці. А такія мэты прыватызацыі, як падвышэнне эфектыўнасці, заваяванне новых рынкаў і прыцягненне інвестыцыяў -другасныя. Сапраўды, пасля продажу «Белтрансгазу» і пагадненняў з Расіяй патрэба ў грошах ужо не такая вялікая на найбліжэйшы час, і таму пагаджуся, што гаворка пра прыватызацыю «Беларуськалія» будзе адкладзеная да наступнай вострай патрэбы ў грошах
Цыганкоў: Як вы стратэгічна ставіцеся да ідэі прыватызацыі «Беларуськалія?» Ёсць устойлівае меркаванне — не толькі, дарэчы, у прадстаўнікоў улады, — што такі прыродны рэсурс нельга аддаваць пад кантроль прыватнага інвестара, тым больш замежнага? Ці вы згодныя, што дзяржава павінна пакінуць рычагі кіравання ў такой сферы ў сябе?
Крук: На маю думку, сапраўды, у натуральных манаполіях можа ісці гаворка, што такая ўласнасць павінна заставацца ў руках дзяржавы, і калі такое прадпрыемства ёсць стратэгічным, то ўзнікае дадатковы аргумент на карысць дзяржаўнай формы ўласнасці. Але што да Беларуськалія, то некаторыя спецыялісты ўжываюць наступныя аргументы: цяпер даволі добрая сітуацыя на рынку калійных угнаенняў, і прыватызацыя дазволіць стварыць амаль аднолькавае новае прадпрыемства, бо мы маем дастатковыя запасы калійных угнаенняў. То бок гэта можа быць проста атрыманне грошай, якія могуць быць інвеставаныя ў новую вытворчасць.
Цыганкоў: Лукашэнка зноў назваў суму 30 мільярдаў даляраў, якую ён, здаецца, узяў «са столі» — ніякіх міжнародных ацэнак Беларуськалія пакуль не праводзілася. Наколькі гэтая сума адэкватная стратэгічнаму кошту Беларуськалія і ягонаму кошту на сённяшні момант?
Крук: Цана будзе залежаць ад рынкавых умоваў — у цэлым і непасрэдна на рынку калійных угнаенняў. Таму не выпадае казаць, што 30 мільярдаў — гэта назаўсёды. Тут трэба ўлічваць, што калі пачнецца глабальная рэцэсія, гэтую цану давядзецца зніжаць, нават калі ў найбольш спрыяльны перыяд яна, можа, і адпавядае рыначнаму ўзроўню.