Падманнае прадчуванне

Мікалай Халезін — пра расійскія пратэсты.

09.12.2011 / 14:03

Масква працягвае кіпець жарсцямі, адчайна апісваная ў сацыяльных сетках затрыманымі і пабітымі.

У межах трох плошчаў у цэнтры сталіцы людзі жывуць адчуваннем блізкага зрынання подлай хеўры, што падманам утрымлівае ўладу. Прадчуванне рэвалюцыі не дае спакою, не адпускаючы людзей з вуліц і ад экранаў кампутараў. Але, на жаль, надзеям не наканавана спраўдзіцца — хеўра застанецца на месцы; рэвалюцыя задыхнецца каляднымі стравамі з салатай аліўе, а рэвалюцыянеры працягнуць спакойна хадзіць на працу. Застанецца толькі непрыемны прысмак глабальнага цынічнага падману.

Рэвалюцыя магчымая толькі тады, калі спеюць рэвалюцыйныя перадумовы — і па-іншаму ніяк.
Сёння ў Расіі такіх перадумоваў няма. Ёсць рытмічныя выплаты зарплатаў / дапамогаў / стыпендый/ пенсій; ёсць ілюзія плюралізму і свабоды слова — хоць бы на ўзроўні сацсетак і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі; няма вайны на Каўказе. А калі ўлічыць бонусы накшталт алімпіяды ў Сочы і чэмпіянату свету па футболе, дык і зусім для абывацеля ўсё добра. На выбарах падманулі? Ну, дык і раней падманвалі. Крадуць? А калі ў Расіі не кралі? Пуцін у трэці раз да ўлады ідзе? Ну і што — ён жа Расію з каленяў падымае. А хто яшчэ? Уласна, гэтае пытанне і вісіць у паветры і будзе вісець яшчэ доўга — «а хто яшчэ?»
У адказ на мой нядаўна выказаны тэзіс аб тым, што расійскай дэмакратычнай апазіцыі да беларускай яшчэ як мінімум 7–10 гадоў сур’ёзнага, планамернага развіцця,
адзін з блогераў адказаў: «Да чаго ёй 7–10 гадоў планамернага развіцця? Да сённяшняга выпаленага напалмам і пустога поля, названага беларускай палітычнай арэнай? На якім паміж сабой грызуцца (замест таго каб разам атакаваць рэжым) цудам выжылыя, адзінкавыя, патрапаныя і бездапаможныя апазіцыянеры «. Мусіць, так і трэба было б разглядаць сітуацыю на абывацельскім узроўні, але ўсё не зусім так.
Сітуацыю, падобную да той, якая склалася ў Беларусі, пражывалі ўсе краіны, якія прайшлі пасля трансфармацыю.
Так было ў Чэхаславакіі, дзе калабарацыянізм зашкальваў, дзе на супрацоўніцтва са спецслужбамі пайшлі не сотні, як у Беларусі, а тысячы. Так было і ў Польшчы, калі, падчас ваеннага становішча ўлады нацкоўвалі адно на аднаго прафсаюзных і грамадскіх дзеячаў. Так было ўсюды, бо гэта толькі адна з фазаў супрацьстаяння аўтарытарным і таталітарным рэжымам. Але калі хто-небудзь з чэхаў падпісваў дакумент аб супрацоўніцтве са спецслужбамі, Вацлаў Гавал сядзеў у турме; калі адны палякі здавалі іншых паліцыі, на Гданьскай верфі нехта планаваў страйк. Ян Урбан, адзін з арганізатараў чэхаславацкага «Грамадзянскага Форума» казаў нам:
«Мы не маглі марыць пра тое, каб у нас на вуліцы выходзіла столькі людзей, колькі выходзіць ў вас».

І цяпер у Беларусі нехта піша данос у КДБ ці падкідвае ліст у СМІ, а ў гэты час у турмах сядзяць 15 не зломленых палітычных і грамадскіх дзеячаў — лідараў. І ў гэты ж час нехта расклейвае па гарадах ўлёткі, нехта спрабуе сабраць вакол сябе маладых людзей, каб правесці акцыю салідарнасці. Проста не трэба абмяжоўваць тэрмін «апазіцыя» двума дзясяткамі палітыкаў-няўдачнікаў. Сёння ў Беларусі апазіцыянераў — тысячы; патэнцыйных апазіцыянераў — мільёны. Пытанне толькі ў тым, хто прапануе канструктыўную праграму процідзеяння аўтарытарызму. І гэта таксама пэўная фаза, якую пражываюць усе дэмакратычныя рухі.

Расійскай дэмакратычнай апазіцыі да гэтай фазы далёка. Вельмі далёка.
І скараціць шлях не атрымаецца. Няма ніякай «кароткай дарогі напрасткі». Гэта вельмі доўгая і вельмі простая дарога, па якой давядзецца прайсці, не абмінуўшы ніводнага кіламетровага слупка.