Ірына Халіп: Дыскрэдытаваць Саннікава бессэнсоўна
Жонка палітыка пракаментавала рэпартаж БТ.
12.12.2011 / 18:21
«НН»: Чаму, па-Вашаму, менавіта цяпер пачалі ўжываць такія нізкія прыёмы ў дачыненні да Андрэя Саннікава?
Ірына Халіп: Усё пачалося з першага этапавання Андрэя. Менавіта тады прагучалі пагрозы, што да Бабруйска ён не даедзе. А калі даедзе, то яго заб’юць там.
Уладам не падабалася, што Андрэй мае вялікі маральны аўтарытэт сярод асуджаных. Яны думалі: інтэлігент, дыпламат. А яго сустракалі асуджаныя словамі падтрымкі.Таму яго вырашылі проста запалохаць.
У Бабруйску яго трымалі аднаго, нягледзячы на тое, што ён напісаў заяву аб пераводзе ў атрад. Яны вельмі не хацелі, каб ён працягваў кантакты з асуджанымі і дапамагаў ім.
Да яго сапраўды спрабавалі падсадзіць «апушчанага». Але ён адразу абвясціў галадоўку і заявіў, што сядзець у адной камеры з гэтым чалавекам не будзе. «Апушчанага» забралі. І на дзень Андрэя выпусцілі ў атрад. Я пра гэта даведалася зусім надаўна: са мной на кантакт выйшлі людзі, якія вызваліліся з бабруйскай калоніі. Яны расказалі, што Андрэя ў атрадзе асуджаныя сустракалі як найлепшага сябра. За што яго зноў забралі ў ПКТ.
У мяне была магчымасць маніторыць сітуацыю, калі муж быў у бабруйскай калоніі.
А што адбываецца ў «Віцьбе», я не ведаю.
Лічу тое, што да яго не дапускаюць адваката, не даходзяць лісты, робіцца для таго, каб змясціць чалавека ў пэўны вакуум. Калі яго можна спрабаваць у чымсьці пераканаць.Маўляў, пакуль цябе няма, пра цябе ўсе забыліся, адвакаты займаюцца іншымі справамі, жонка добра пачувае сябе без цябе, а маці, магчыма, ужо ў шпіталі з сардэчным прыступам. Што заўгодна можна чалавеку ўнушаць.
Адзін з былых асуджаны расказаў мне, што, пакуль Андрэй знаходзіўся ў каранціне ў бабруйскай калоніі, з Мінска прыязджалі супрацоўнікі КДБ. І ў камеру да яго паставілі дзве відэакамеры. Уся зона пра гэта ведала і імкнулася яго папярэдзіць. А
калі я прыехала да мужа на спатканне ў Наваполацк і чакала яго, да мяне падбег зэк і сунуў у рукі паперку. У ёй было папярэджанне, што наш пакой праслухоўваецца і вядзецца відэазапіс.
Андрэя імкнуліся зламаць, але не зламалі. А калі не ўдалося зламаць, чаму не паспрабаваць яго дыскрэдытаваць. Цяпер яны спрабуюць гэта зрабіць, але гэта бессэнсоўна.
«НН»: Ці можа гэта сведчыць, што Саннікава такім чынам мучаюць перад выпускам на свабоду?
ІХ:
Я не веру, што Лукашэнка збіраецца яшчэ каго-небудзь выпускаць.Калі б у яго былі такія намеры, то хаця б хворы Дзмітрый Бандарэнка быў на волі. Мне здаецца, што цяпер Лукашэнка шкадуе, што і папярэдніх палітвязняў выпусціў. А тое, што Зімоўскі сабе такога бруду не дазваляў, — праўда. Нават Зімоўскі ўсё-такі быў прафесіяналам.