Астролаг Лукашэнкі далучыў Манголію

15.12.2011 / 09:16

У 2021 годзе да Мытнага саюза далучацца ўсе краіны постсавецкай прасторы і былой Варшаўскай дамовы. Такое меркаванне ў час здымак навагодніх выпускаў перадачы «Час саюза» тэлеканала ТРА выказаў так званы «астролаг» Павел Глоба, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Глоба традыцыйна выступае са сваімі «прагнозамі» ў крызісныя моманты і перад выбарамі. Звычайна ён прадказвае перамогу Лукашэнкі і крызісы ва ўсім свеце.

«Саюзная дзяржава — гэта рэальная перспектыва. Саюз Беларусі і Расіі, а таксама Казахстана, Кыргызстана, да якога будуць далучацца ўсё больш краін постсавецкай прасторы, а пасля і краіны блока Варшаўскай дамовы. Румынія, Балгарыя, Манголія, Сербія, акрамя Польшчы, стане еўразійскай канфедэрацыяй прыблізна да года 2021-га. Па маіх прагнозах, да гадоў 2020–2023-га гэта будзе рэальнасцю», — адзначыў Павел Глоба.

Як вядома, былыя васалы СССР Румынія, Балгарыя, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына ўступілі ў Еўрасаюз, як і краіны Балтыі. А Сербія, Украіна, Малдова, Грузія ўступлення ў ЕС прагнуць. З краін былога СССР у Мытны саюз хоча далучыцца толькі Кіргізстан, які эканамічна моцна залежыць ад суседняга Казахстана.

МБ