Любоў Кавалёва спадзяецца ўбачыцца з сынам і просіць дазволіць яму пісаць лісты

15.12.2011 / 12:19

15 снежня маці і сястра прыгаворанага да смяротнай кары за саўдзел у тэрарызме Уладзіслава Кавалёва Любоў і Таццяна Кавалёвы перадалі ў Вярхоўны суд Беларусі свае заявы на атрыманне з ім сустрэч. Заявы адрасаваныя старшыні на судовым працэсе першаму намесніку старшыні ВС Аляксандру Федарцову.

Нагадаем, пасля абвяшчэння прысуду 30 лістапада маці і сястра пакуль толькі па адным разе змаглі ўбачыць Уладзіслава Кавалёва. Сустрэча маці з ім доўжылася 30 хвілін, сястры — 10 хвілін.

Сёння ж Любоў Кавалёва перадала заяву начальніку СІЗА КДБ, дзе ўтрымліваецца яе сын. Яна піша, што ў дачыненні да Уладзіслава вынесены «прыгавор па сфабрыкаваным абвінавачанні». Кавалёва нагадвае, што ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі «ўсе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманныя адносіны» і «ніхто не павінен зазнаваць бесчалавечныя адносіны».

У сувязі з гэтым Кавалёва просіць дазволіць сыну пісаць лісты і атрымліваць карэспандэнцыю, карыстацца бібліятэкай, дазволіць перадачу яму вітамінаў, паколькі ва Уладзіслава бранхіяльная астма. Кавалёва таксама просіць адміністрацыю СІЗА разгледзець пытанне аб мэтазгоднасці прымянення ў камеры кайданкаў.

Нагадаем, на прэс-канферэнцыі 14 снежня намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук паведаміў, што Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА, на ноч да ложкаў ніхто не прыкоўвае. Прынятыя ў дачыненні да іх меры бяспекі скіраваныя на тое, каб яны з сабой нічога не зрабілі