Польшча падтрымае кандыдатуру Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію

Пра гэта піша агенцтва ПАП са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы ў Польшчы і Швецыі. Пакуль невядома, ці намінуюць Бяляцкага таксама шведы.

15.12.2011 / 13:14

Бяляцкаму сядзець чатыры з паловай года.

Польшча будзе падтрымліваць праваабаронцу Алеся Бяляцкага ў якасці кандыдата на Нобелеўскую прэмію міру. Пра гэта піша польскае агенцтва ПАП са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы ў Польшчы і Швецыі.

— Міністэрства замежных справаў мяркуе, што гэта вельмі добры кандыдат. Мы зробім крокі, каб зацікавіць ім Нобелеўскі камітэт, — заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Польшчы Марцін Басацкі.

Ён не захацеў раскрываць падрабязнасці гэтай справы. Крыніцы ПАП адзначаюць, што дыпламатычныя захады ў гэтым пытанні будуць далікатнымі — Нобелеўскі камітэт не ўспрымае лабізму. Агенцтва не ўдакладняе, якой будзе польская падтрымка кандыдатуры і ці міністр Сікорскі асабіста вылучыць Бяляцкага.

У Швецыі кажуць, што вылучэнне Бяляцкага разам падтрымаюць Польшча і Літва.

Беларускія спецслужбы «развялі» абедзве гэтыя краіны, атрымаўшы ад іх банкаўскія рэквізіты Бяляцкага. На тыя рахункі Бяляцкі збіраў грошы для падтрымкі рэпрэсаваных. Лукашэнкаўцы арыштавалі яго, звінаваціўшы ў нясплаце падаткаў. Яго асудзілі на 4,5 года, прычым строгага рэжыму, а на ягоную маёмасць наклалі арышт. Самае каштоўнае ў ягонай маёмасці — кватэра ў цэнтры Мінска, у якой працавалі праваабаронцы.

Сам Аляксандр Лукашэнка лічыць прысуд Алесю Бяляцкаму гуманным. «Дзякуй богу, што не ў Амерыцы, — за такія грошы мог бы атрымаць не 4,5 (гэта амаль самая нізкая мяжа), а 17 гадоў, і доўга адтуль б не вылез», — пракаментаваў Лукашэнка прысуд.

У кастрычніку 29 грамадскіх дзеячоў з Беларусі і свету ўтварылі «Камітэт Бяляцкага».
Да Аргкамітэта далучыўся шэраг знакавых асобаў з розных краін. Сярод іншых, гэта расійская праваабаронца Людміла Аляксеева, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла, рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Анатоль Міхайлаў.

Пазней

да Камітэта Бяляцкага далучыўся і былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, які мае вялікі міжнародны аўтарытэт.

Бяляцкага някепска ведалі ў свеце, бо ён быў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. У Беларусі Бяляцкі належаў да групы, якая першай распачала змаганне за незалежнасць краіны ў глыбокім падполлі, у пачатку 1980-х. У 1990-м яго абралі дэпутатам Мінскага гарсавета. У 90-я ён адышоў ад палітыкі і заснаваў праваабарончы цэнтр «Вясна», які дапамог тысячам рэпрэсаваных.

Тэрмін вылучэння кандыдатур на Нобелеўскую прэмію міру сканчаецца 31 студзеня.

Непасрэдна

намінаваць на прэмію могуць толькі некалькі канкрэтных катэгорый людзей: дэпутаты парламентаў, міністры, лаўрэаты мінулых гадоў і прафесары палітычных навук.
Менавіта на волю гэтых людзей спадзяюцца ў Аргкамітэце. У прыватнасці, кіраўнік Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч заклікаў усіх беларусаў выкарыстаць свае сувязі і кантакты, каб забяспечыць Бяляцкаму якнайбольшую колькасць намінатараў.

Раней пра сваё рашэнне вылучыць Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію абвесціў міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс.

Пакуль невядома, ці намінуюць Бяляцкага таксама шведы.
Удзел Швецыі ў вылучэнні быў бы важным аргументам для Нобелеўскага камітэта.

Мікола Бугай