Багатыя Беларусі: каму належыць рынак электронікі

Беларускія супермаркеты тэхнікі яшчэ не прададзеныя ні расійцам, ні еўрапейцам.

15.12.2011 / 13:41

Звярнуцца ў інтэрнэт-­крамы ці ў салон? Ашчадзіць $100 ці атрымаць гарантыю сэрвіс-­цэнтра і магчымасць «памацаць» тавар сваімі рукамі? Такі нялёгкі выбар стаіць перад беларусамі, якія выбіраюць сабе бытавую тэхніку. З кожным годам колькасць сеткавых крамаў расце, а іх прапановы выглядаюць усё больш прывабнымі.

«Наша Ніва» разбіраецца, наколькі развіты рынак супермаркетаў электронікі ў Беларусі.

Цывілізаваны гандаль

Гіпермаркеты і салоны ва ўяўленні беларускіх чыноўнікаў выглядаюць эвалюцыйнай прыступкай развіцця продажаў. Рынкі і інтэрнэт­крамы нібыта мусяць адмерці, не вытрымаўшы канкурэнцыі з «цывілізаваным» гандлем. І хоць амбіцыйныя планы па будаўніцтве буйных крамаў далёкія ад рэалізацыі, у краіне ўжо працуюць чатыры сеткі. Хто валодае імі?

«Пяты элемент» (ЗАТ «Патыа»)

Сетка ўжо прадстаўлена ў 16 гарадах Беларусі, у якіх знаходзіцца каля 25 крамаў. Уладальнік «Пятага элементу» — бізнэсмэн Андрэй Балабін. Ягоны паход у рэгіёны — даволі рызыкоўная задума, тым больш у крызісныя часы. Аднак выглядае на тое, што ён перапоўнены аптымізмам наконт будучыні сваёй сеткі: «Я ведаю, што мы выйграем за кошт асартыменту. Добра прадаецца сярэдні цэнавы сегмент і ніжэйшы за сярэдні».

Балабін не адмаўляецца і ад інтэрнэт-­гандлю. Там дзейнасць ідзе ад імя ПУП «Маліторг».

Кампанія атрымала індульгенцыю на будучыя магчымыя памылкі, стаўшы ў 2010 годзе спонсарам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Яна апынулася ў адным шэрагу з падраздзяленнямі «Беларуснафты» і «БелСвісБанкам».

«Разумныя рэчы» (ЗАТ «Энергапрам»)

Сетка з’явілася яшчэ ў 1990-я. Гэта цяпер яна разраслася на 8 гарадоў (усе абласныя цэнтры, Орша і Бабруйск), а тады стваральнікі бізнэсу пачыналі з паставак тэхнікі Moulinex. Дырэктар ЗАТ «Энергапрам» — Дзмітрый Пархімовіч.

Раней «Разумныя рэчы» былі на рынку ледзь не манапалістам, год за годам атрымліваючы прэмію «Выбар года». Цяпер кампанія здала пазіцыі, саступіўшы першынства канкурэнтам.

«Электрасіла» (ААТ «Электрасервіс і К»)

Яшчэ адзін даўні брэнд на беларускім рынку, створаны нават да прыходу да ўлады Лукашэнкі. «Электрасіла» таксама выйшла ў рэгіёны, але наймацнейшыя пазіцыі захоўвае ў Мінску, дзе знаходзіцца сем крамаў сеткі. Кіруе бізнэсам Андрэй Хоміч, самы малады з усіх «калег» па рынку.

«Карона Тэхна» (ААТ «Тытунь­Інвест»)

Продажы электронікі — дадатковы бізнэс цыгарэтнага магната Паўла Тапузідзіса. Падрабязна пра яго «Наша Ніва» пісала ў №28 за гэты год. Бізнэсмэн, які пачынаў сваю справу ў Грузіі з цацачных самалёцікаў, прабіўся ў закрыты цыгарэтны рынак Беларусі і мае з гэтага дастаткова грошай, каб трымаць і верталётны бізнэс.

Ягоная «Карона-­Тэхна» працуе ў Мінску, Брэсце, Бабруйску і Віцебску. Ва ўсіх пералічаных гарадах крамы спалучаюцца з гіпермаркетамі «Карона».

***

«Просяць выбраць тэлевізар — і сыходзяць купляць яго ў інтэрнэце»

Пра асаблівасці працы салонаў тэхнікі расказвае Андрэй, прадавец-кансультант салона «Пяты элемент»:

«НН»: Наколькі крызіс ударыў па прыярытэтах беларусаў?

А: Найбольшы попыт з’явіцца перад Новым годам, калі людзям будзе ўсё адно што купляць, галоўнае — купіць. Тады кліенты могуць «вынесці» з крамы ледзь не ўсё — і тэлевізары, і халадзільнікі. У астатні час пераважна купляюць чайнікі, прасы, дробную тэхніку. Выключэнне — юрыдычныя асобы, яны купляюць тавар на працягу ўсяго года, не звяртаючы ўвагі на цану.

«НН»: Па тваіх назіраннях, колькі працэнтаў ад тых, хто заходзіць у салон, выходзяць з набытым таварам?

А: Па­першае, буйныя закупы, як некалькі тэлевізараў, робяць «касу» за дзень. Ёсць частка кліентаў, якія доўга ходзяць па салоне, уважліва ўчытваюцца ў тэхнічнае апісанне… Але яны прыходзяць, каб «памацаць» рукамі тавар, выбраны імі загадзя ў інтэрнэце. Такія людзі не займаюць нашага часу. Але хапае і іншых кліентаў, яны просяць, умоўна кажучы, падабраць ім тэлевізар да $500, выпытваюць усялякія дробязі паўгадзіны… А пасля перапісваюць на паперку назву мадэлі і сыходзяць, каб купіць яе ў інтэрнэт-­краме.

Ягор Марціновіч