Маецца пяць варыянтаў: Партыя БНФ пакуль не вызначылася наконт парламенцкіх выбараў

19.12.2011 / 09:25

Маючая адбыцца выбарчая кампанія абмяркоўвалася на пасяджэнні сойму партыі 17 снежня.

Як паведаміў намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў, Партыя БНФ вызначылася з трыццаццю рэгіянальнымі лідарамі для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах 2012 года. Гэтыя людзі, паводле яго слоў,

могуць браць удзел у выбарах, або вылучыцца ў якасці кандыдатаў у дэпутаты, або ўзначаліць у рэгіёнах кампаніі па байкоце выбараў.

Спіс яшчэ можа мяняцца, аднак, як лічыць Кастусёў, трыццаць чалавек — гэта найбольш аптымальны для партыі варыянт, каб практычна рэалізаваць іх выбарчыя кампаніі.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, у сваю чаргу, паведаміў: апытанне членаў партыі паказала раскол у іх поглядах адносна ўдзелу ў маючай адбыцца парламенцкай кампаніі.

Лялькоў назваў пяць варыянтаў удзелу ў выбарах.

Першы — гэта «абстрагавацца ад іх, не звяртаць на іх увагі наогул». Аднак тады партыя выпадзе з палітычнага жыцця, мяркуе палітык.

Другі варыянт — байкот. Яго рэалізацыя, мяркуе Лялькоў, вельмі цяжкая, таму што неабходна будзе «закрываць усе выбарчыя ўчасткі, каб даказаць факты няўдзелу ў галасаванні».

Трэці варыянт прадугледжвае вылучэнне прадстаўнікоў Партыі БНФ у выбарчыя камісіі, а ў выпадку іх неўключэння — адмову ад удзелу ў выбарах.

Чацвёрты варыянт — правесці агітацыйную кампанію, каб фіксаваць парушэнні, а затым зняцца на апошнім этапе выбараў.

Пяты варыянт прадугледжвае ісці на выбарах да канца. Аднак у сённяшніх умовах перамагчы практычна немагчыма, паколькі «галасы не падлічваюцца», заявіў намеснік старшыні партыі.

Лялькоў падкрэсліў, што вызначыцца з фарматам удзелу ў выбарах партыі неабходна як мага хутчэй. Не выключана, што такое рашэнне можа быць прынятае на наступным пасяджэнні сойму, праз месяц.

Парламенцкія выбары павінны адбыцца восенню 2012 года.