Лаўрэатамі прэміі Хартыі'97 сталі палітвязні, іх сем'і і праваабаронцы

19.12.2011 / 09:58

Лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2011 год, заснаванай аргкамітэтам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97», сталі палітзняволеныя, іх сем’і і праваабаронцы,
паведаміла рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна.

Паводле яе слоў, абвяшчэнне цяперашніх лаўрэатаў прымеркавана да гадавіны жорсткага разгону ў Мінску ўдзельнікаў акцыі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах-2010.

«Ніколі не было так складана выбраць лаўрэатаў прэміі, як цяпер. 2011 год адкрыў свету такую колькасць мужных беларусаў, якія гатовы ахвяраваць сваім жыццём і лёсам дзеля свабоды сваёй краіны, што назваць усіх пайменна наўрад ці магчыма.

Таму ўпершыню з моманту заснавання прэміі ў 1998 годзе будуць узнагароджаны не асобныя грамадзяне, а групы людзей»,
 — сказала Радзіна.

«У 2011 годзе рэпрэсіі ў Беларусі былі найбольш масавымі, — растлумачыла яна прычыну ўключэння ў лік лаўрэатаў палітзняволеных. — Тысячы беларусаў былі арыштаваны за тое, што хацелі змяніць сваё жыццё да лепшага. За кратамі працягваюць знаходзіцца Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Бандарэнка, Дзмітрый Дашкевіч, Алесь Бяляцкі, Мікалай Аўтуховіч і інш. Дзясяткі актывістаў прыгавораны да абмежавання волі, яны не могуць выязджаць з краіны і знаходзяцца пад пастаянным наглядам міліцыі і КДБ».

Сем’і палітзняволеных, адзначыла Радзіна, уразілі свет сваёй самаахвярнай любоўю і бясстрашнасцю: «Яны ваююць за сваіх блізкіх так самааддана, што нават гэта дыктатарская сістэма аказалася бяссільнай. Яны вытрымалі націск і запалохванні, яны не проста чакаюць сваіх блізкіх на волі, але змагаюцца, каб гэты час надышоў як мага хутчэй».

Праваабарончыя арганізацыі «працягваюць ратаваць жыцці вязняў сумлення, падтрымліваючы іх сем’і, аказваючы юрыдычную дапамогу і расказваючы свету аб прававым бязмежжы ў Беларусі». «Сіла праваабаронцаў аказалася настолькі вялікай, а іх дзейнасць настолькі важнай, што сёлета малох рэпрэсій абрынуўся і на іх», — сказала Радзіна, нагадаўшы справу Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча. З увядзеннем «новых карных законаў» пад пагрозай поўнага знішчэння апынулася дзейнасць усіх арганізацый, якія працягваюць абараняць у Беларусі правы чалавека, «аднак ніводны праваабаронца не здаўся».

Паводле слоў Наталлі Радзінай, цырымонія ўручэння прэміі пройдзе ў пачатку 2012 года. На яе будуць запрошаны прадстаўнікі ўсіх груп-лаўрэатаў.