Каля пасольства Сірыі ў Мінску пратэставалі праціўнікі Башара Асада

19.12.2011 / 10:16

У Мінску каля пасольства Сірыі 17 снежня адбыліся акцыі праціўнікаў прэзідэнта Башара Асада і яго прыхільнікаў.

Прыкладна ў 13.45 некалькі дзясяткаў чалавек, пераважна выхадцаў з Сірыі, сабраліся каля будынка пасольства і разгарнулі плакаты з перакрэсленым партрэтам Асада, лозунгамі «Асад, сыходзь!» і іншымі. «Прыкладна хвілін праз 15 на месца правядзення акцыі прыбеглі іншыя людзі. Яны паспрабавалі зладзіць свой мітынг — гэтым разам у падтрымку Асада. Яны таксама прастаялі хвілін 15, пасля чаго разышліся», — расказаў БелаПАН сведка акцыі.

Паводле яго словаў, абедзве акцыі доўжыліся па 15 хвілін і завяршыліся каля 14.20. Міліцыя не ўмешвалася.

Антыўрадавыя пратэсты ў Сірыі пачаліся ў сакавіку і працягваюцца да гэтага часу. Паводле дадзеных ААН, за гэты час загінула каля пяці тысяч чалавек.