«Мечэл» умацоўваецца ў Беларусі

19.12.2011 / 11:18

Ігар Зюзін, уладальнік аднаго з найбуйнейшых расійскіх металургічных холдынгаў «Мечэл», плануе актывізаваць бізнэс на тэрыторыі Беларусі.
Прадстаўляць тут інтарэсы «Мечэл» са снежня 2011 будзе кампанія «Мечэл сэрвіс Бел».

«Мечэл сэрвіс Бел», такім чынам, стаў чарговым бізнэсам расійскіх металургічных каралёў ў Беларусі.

На дадзены момант сваю прадукцыю на беларускі рынак праз даччыныя кампаніі дыстрыбутуюць Наваліпецкі металургічны камбінат (у Беларусі яму падкантрольны Маладзечанскі трубапракатны завод), «Северсталь» («Северстальбел») і Магнітагорскі металургічны камбінат (Гандлёвы дом «ММК-Белснаб»).

Уладальнікі гэтых кампаній, а таксама «Мечэл», — адпаведна Уладзімір Лісін, Аляксей Мордашаў, Віктар Рашнікаў і Ігар Зюзін — увайшлі ў 2011 годзе ў топ-20 самых багатых бізнэсоўцаў Расіі па версіі «Рускага Форбса». Уладзімір Лісін з капіталам 24 млрд даляраў наогул прызнаны самым багатым расейскім бізнэсмэнам у свеце. Аляксей Мордашаў з $18,5 млрд заняў у рэйтынгу 2-е месца, Віктар Рашнікаў — 11-е (яго капітал — 11,2 млрд даляраў), Ігар Зюзін — 16-е (8,9 млрд даляраў).

Прадукцыя чорнай металургіі ўваходзіць у лік найважнейшых тавараў, імпартаваных Беларуссю з Расіі. Па грашовым ціску на беларускае замежнагандлёвае сальда металы займаюць трэцяе месца пасля газу і нафты.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, у 2010 годзе па 19 ключавых пазіцыях у Беларусь было завезена прадукцыі на суму каля 1,2 млрд даляраў.

Кампанія «Мечэл» была заснаваная ў 2003. Гэта адзін з найбуйнейшых вертыкальна інтэграваных вытворчых металургічных холдынгаў у свеце, яго бізнэс сканцэнтраваны ў чатырох сегментах — горназдабыўной, металургічнай галінах, ферасплавах і энергетыцы. Актывы знаходзяцца ў Расіі, Румыніі, Казахстане, Літве, Балгарыі. Асноўны ўладальнік — Ігар Зюзін (66,76%), 30% акцый у выглядзе ADR прадаюцца на Нью-ёркскай фондавай біржы.