За час прызыўной кампаніі адтэрміноўка дадзена 35 тысячам грамадзян

19.12.2011 / 11:48

За час мінулай прызыўной кампаніі праз прызыўныя камісіі раёнаў і гарадоў Беларусі прайшлі больш як 55 тысяч грамадзян. Дадзена прыблізна 35 тысяч адтэрміновак, 80% з якіх складаюць адтэрміноўкі для працягу адукацыі. Апрача таго, дадзены адтэрміноўкі грамадзянам па стане здароўя, сямейным становішчы, для атрымання ваенна-тэхнічных спецыяльнасцяў і ў сувязі з ажыццяўленнем дэпутацкіх паўнамоцтваў. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны.

На тэрміновую службу ва Узброеныя сілы прызваны прыблізна 10 тысяч маладых людзей, на службу ў рэзерве — прыкладна 2 тысячы. 17 снежня маладое папаўненне прыняло ваенную прысягу.

Асноўнай асаблівасцю восеньска-зімовага прызыву стала змяненне тэрмінаў правядзення прызыву грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. Калі раней мерапрыемствы прызыву ажыццяўляліся два разы на год у кастрычніку-студзені і красавіку-ліпені, то з гэтага года яны перанесены на люты-май і жнівень-лістапад. Змяніліся і тэрміны адпраўкі прызваных грамадзян да месца праходжання тэрміновай ваеннай службы — са студзеня на май і з ліпеня на лістапад, а праходжання службы ў рэзерве — з ліпеня на лістапад.

У Мінабароны сцвярджаюць, што змена тэрмінаў прызыву пацягнула за сабой шэраг станоўчых момантаў як для грамадзян, гэтак і для павышэння эфектыўнасці падрыхтоўкі Узброеных сіл. Такім чынам, было ўлічана адно з асноватворных палажэнняў новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якое разглядае нацыянальныя інтарэсы як сукупнасць патрэбнасцяў дзяржавы па рэалізацыі збалансаваных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы.

Па-першае, паступленне грамадзян ва ўстановы адукацыі па часе не будзе супадаць з мерапрыемствамі прызыву. Па-другое, мерапрыемствы прызыву не будуць адрываць выпускнікоў ВНУ ад падрыхтоўкі і здачы дзяржэкзаменаў і абароны дыпломных работ, а выпускнікі вышэйшых і сярэдніх устаноў, якія падлягаюць прызыву, закончыўшы навучанне ў чэрвені-ліпені, змогуць працаўладкавацца, у тым ліку і па накіраваннях устаноў адукацыі, атрымаць практыку працы, што забяспечыць іх гарантаванае працаўладкаванне па ранейшым месцы пасля звальнення з Узброеных сіл. Па-трэцяе, ваеннаслужачыя, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны ваеннай службы, будуць паспяваць паступаць ва ўстановы адукацыі непасрэдна пасля звальнення з ваеннай службы (у маі), а таксама ў лістападзе — ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю.

Апрача таго, немалаважным з’яўляецца і той факт, што студзень найбольш спрыяльны месяц для адаптацыі новага папаўнення да ўмоў ваеннай службы. Паступленне новага папаўнення ў войскі ў гэты перыяд, як правіла, супадала з уздымам захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Адпаведна, адпраўка прызваных грамадзян у войскі ў лістападзе дазволіць знізіць узровень захворвання ваеннаслужачых.