Заява Кэтрын Эштан і Хілары Клінтан па Беларусі
19.12.2011 / 14:04
Высокі прадстаўнік Eўрапейскага Саюза Кэтрын Эштан і Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан выступілі з супольнай заявай па Беларусі:
Сёння мы ўзгадваем пра першыя ўгодкі пачатку жорсткіх рэпрэсій з боку беларускіх уладаў супраць грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазыцыі і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. На працягу апошніх дванаццаці месяцаў беларускія ўлады знявольваюць мірных дэманстрантаў, падаўляюць негвалтоўныя пратэсты ды імкнуцца змусіць да маўчання незалежныя галасы. Паступаюць вартыя даверу паведамленні пра зняважлівае і бесчалавечнае абыходжанне з палітычнымі вязнямі. Шэраг палітычных вязняў вызваленыя, аднак мы зноў заклікаем да неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных, у тым ліку былых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча, а таксама праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
Мы таксама выказваем глыбокую занепакоенасць новымі законамі, якія яшчэ больш абмяжуюць фундаментальныя свабоды - сходаў, асацыяцый і выказвання і якія скіраваныя на тое, каб не дапусціць падтрымкі грамадзянскай супольнасці.
Мы паўтараем, што ўмова паляпшэння двухбаковых адносін Беларусі са Злучанымі Штатамі і Еўрапейскім Саюзам - прагрэс у выкананні беларускімі ўладамі сваіх абавязанняў у рамках АБСЭ і захаванне фундаментальных правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратычных прынцыпаў. Злучаныя Штаты і Еўрапейскі Саюз па-ранейшаму гатовыя дапамагаць Беларусі ў справе выканання гэтых абавязанняў”.