Першынство стартуе на Дзень Волі

Чэмпіянат Беларусі-2012 па футболе пройдзе па старой схеме ў тры колы.

19.12.2011 / 14:49

Сёння ў сценах Дома футбола ў Мінску прайшла пашыраная нарада наконт фармату чэмпіянату Беларусі па футболе 2012 года. Па яе выніках было прынята рашэнне пакінуць фармат нацыянальнага першынства без зменаў: чэмпіянат краіны, як і папярэднія два гады, пройдзе ў тры колы.

Кожная з камандаў згуляе па 33 матчы.

Першы тур чэмпіянату адбудзецца 24–25 сакавіка, заключны — 25 лістапада.

Камандам было дазволена праводзіць стартавыя туры першынства на палях з штучным пакрыццём.

На нарадзе таксама былі разгледжаныя іншыя пытанні. Так, матчы ¼ фіналу Кубка краіны адбудуцца 17–18 сакавіка. Нагадаем, пераможца на гэтай стадыі турніру вызначаецца па выніку адной сустрэчы. Фінальны паядынак пройдзе 20 траўня.

Матч за Суперкубак Беларусі паміж БАТЭ і «Гомелем», як мяркуецца, адбудзецца 5 сакавіка.

Таксама было вырашана пашырыць межы гадавога трансфернага акна — з 24 ліпеня па 20 жніўня.