У рэдакцыі «Камсамолкі» невядомы распыліў пярцовы газ

Адзін супрацоўнік пацярпеў.

19.12.2011 / 15:43

Надзвычайнае здарэнне адбылося каля 12.40 у панядзелак, 19 снежня. У офіс на Платонава, 1Б, дзе знаходзіцца рэдакцыя газеты «Камсамольская праўда» ў Беларусі», прыйшоў невядомы мужчына. Ён звярнуўся да ахоўніка з просьбай паказаць, дзе знаходзіцца бухгалтэрыя прадпрыемства.

А ў кабінеце бухгалтэрыі мужчына прадставіўся гандлёвым агентам, які распаўсюджвае сродкі ад казурак і грызуноў.
Пасля таго, як супрацоўнікі ЗАТ «БелКП-ПРЭС» адмовіліся набываць хімікаты, ён стаў сябе паводзіць неадэкватна: пачаў крычаць, пагражаць.

Супрацоўнікі бухгалтэрыі вывелі гандлёвага агента на калідор.

Там невядомы і распыліў, мяркуючы па ўсім, пярцовы газ.

Па вентыляцыі газ стаў распаўсюджвацца па кабінетах, а таксама на іншыя паверхі офіснага будынка на Платонава, 1Б. Многім стала цяжка дыхаць.

Ахоўнік — пажылы мужчына — пацярпеў больш за ўсё. На «хуткай», з дыягназам хімічны апёк рагавіцы вока, яго павезлі ў лякарню.

Рэдакцыя «Камсамолкі» выклікала міліцыю. Праводзіцца праверка. Цяпер вывучаюцца запісы з відэакамер. Мы будзем інфармаваць аб ходзе расследавання.