Лукашэнка разлічвае на дапамогу Расіі ў пытанні ўваходжання ў СГА

20.12.2011 / 09:37

Беларусь разлічвае на ўваходжанне краін Мытнага саюза ў Сусветную гандлёвую арганізацыю з мінімальным часавым разрывам. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 снежня на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета ў Маскве, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

«Уваходжанне ўсіх членаў Мытнага саюза ў СГА з мінімальным часавым разрывам яшчэ больш умацуе наша аб’яднанне і павысіць яго міжнародны аўтарытэт», — сказаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь вітае членства Расіі ў СГА і разлічвае на аказанне садзеяння Беларусі ва ўваходжанні ў арганізацыю. «Мяркую, што статус паўнапраўнага члена СГА дасць дадатковыя магчымасці нашаму стратэгічнаму партнёру для садзеяння Беларусі ва ўваходжанні ў гэтую арганізацыю», — заявіў беларускі кіраўнік.

Расія акажа Беларусі ўсебаковую падтрымку па найхутчэйшым уваходжанні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Абяцанне замацавана ў Мемарандуме аб паразуменні па пытаннях уваходжання ў СГА, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам і Дзмітрыем Мядзведзевым. Бакі дамовіліся, што

Расія будзе садзейнічаць зняццю палітычных перашкод на шляху арганізацыі перамоўнага працэсу Беларусі ў СГА.

Акрамя таго, Расія прадаставіць кансультацыйна-экспертнае садзеянне пры падрыхтоўцы беларускім бокам дакументаў у рамках перамоўнага працэсу па ўваходжанні ў СГА і пры неабходнасці разгледзіць магчымасць выдзялення дадатковай тэхнічнай дапамогі на гэтыя мэты.

Бакі ўмовіліся, што пасля афіцыйнага ўваходжання ў СГА Расія не будзе вылучаць новыя патрабаванні ў кантэксце двухбаковых і шматбаковых перамоў па далучэнні Беларусі да СГА. Пры гэтым бакі забяспечаць «адпаведную своечасовую каардынацыю пазіцый і ўстараненне рознагалоссяў на аснове механізмаў і з улікам інтарэсаў створаных з іх удзелам інтэграцыйных аб’яднанняў».

Бакі пацвердзілі «прэферэнцыйны характар двухбаковых гандлёва-эканамічных адносінаў», адзначыўшы прыярытэтнасць забеспячэння спрыяльных умоў супрацоўніцтва ў рамках сумесных інтэграцыйных аб’яднанняў.

Бакі «зыходзяць з недапушчальнасці пагаршэння ўмоў узаемнага гандлю таварамі і паслугамі ў сувязі з далучэннем да СГА» і будуць «паступова ўзаемадзейнічаць з членамі СГА з мэтай забеспячэння аўтаматычнага замацавання тарыфных абавязацельстваў беларускага боку перад СГА на ўзроўні адпаведных гарманізаваных расійска-казахстанскіх параметраў».