У кіраўніка Гомельскага аблвыканкама толькі праз год пасля прызначэння вырашылася пытанне з жыллём

20.12.2011 / 09:47

Ва Уладзіміра Дворніка толькі праз год пасля прызначэння на пасаду старшыні Гомельскага аблвыканкама вырашылася пытанне з жыллём у абласным цэнтры. Аб гэтым Дворнік паведаміў на прэс-канферэнцыі 19 снежня, якую ён правёў для юнкораў рэгіянальных газет і пазаштатных карэспандэнтаў студэнцкіх выданняў.

Адно з пытанняў тычылася асабістага жыцця старшыні аблвыканкама. «У мяне вельмі шчыльны графік, распісаны на два тыдні наперад, і складана знайсці вольны час. Але сям’я застаецца самым дарагім. Сын скончыў гандлёва-эканамічны ўніверсітэт, жанаты, жыве ў Мазыры. Ёсць унучка, ёй амаль год. Мая жонка таксама пакуль застаецца ў Мазыры,

бо ў Гомелі ў мяне вельмі доўга вырашалася пытанне з жыллём, і толькі два тыдні таму мне выдзелілі жыллё»,
 — сказаў Дворнік.

Ён быў прызначаны на пасаду старшыні аблвыканкама 30 снежня 2010 года.

Гаворачы аб сацыяльна-эканамічным становішчы вобласці, Дворнік заявіў, што аб’ёмы вытворчасці ў параўнанні з мінулым годам павялічыліся на 10–11%, Гомель займае другое месца пасля Мінска па ўзроўні зарплаты. «У нас вялікая ўдзельная вага прамысловай вытворчасці, вобласць мае 22% ад агульнага аб’ёму прамысловай вытворчасці ў краіне», — сказаў Дворнік.

Ад прыватнага бізнесу, паводле яго слоў, у бюджэт паступае 15%. «Хацелася б больш, канешне. Цяпер шмат моладзі хоча пайсці ў бізнес, але з дзесяці, хто спрабуе сябе ў гэтай справе, застаюцца два чалавекі», — адзначыў старшыня аблвыканкама.