Каб гадзінамі не стаяць на літоўскай мяжы, беларусы купляюць спецыяльныя пропускі

20.12.2011 / 11:27

Дакумент можна набыць у Дзяржпагранкамітэце.

Напярэдадні навагодніх і калядных святаў чэргі на межах расцягваюцца на многія кіламетры. І тое, што мытня і памежнікі на пунктах пропуску працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, не ратуе.

У мінулую суботу на пункце пропуску Каменны Лог была вялізная чарга, у якой людзі прастаялі некалькі гадзін, назіраючы, як досыць шмат машын гэтую самую чаргу аб’яхджаюць.

— Пакуль мы стаялі ў чарзе, з 8 раніцы да 11 міма нас праехала прыкладна 50 аўтамабіляў без чаргі, — кажа мінчанка Юлія. Якраз столькі машын стаяла ў нашай чарзе.

Аказваецца, права праезду без чаргі дае спецыяльны пропуск, які можна купіць у Дзяржпагранкамітэце.

— Пропуск дае права на пазачарговы ўезд на тэрыторыю пункта пропуску, — расказалі ў Службе ўліку і выдачы пропускаў Дзяржпагранкамітэта. — 

Выдаецца ён індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычным асобам, якія займаюцца замежнагандлёвай дзейнасцю.
Каб атрымаць такі пропуск, трэба аформіць заяву і прыкласці да яго пакет дакументаў аб замежнагандлёвай дзейнасці, дзе значыцца, што ў вас ёсць дамова з замежным партнёрам.

Каштуе гадавы пропуск 1 мільён 225 тыс. рублёў. На паўгода — 630 тысяч рублёў, а на месяц — 140 тысяч рублёў. Для замежных юрыдычных асоб ён будзе каштаваць даражэй.

— Пропуск імянны, і па ім па-за чаргой перасекчы мяжу можа толькі той супрацоўнік фірмы, на якога ён аформлены, — кажуць у Службе ўліку і выдачы пропускаў.

Аднак цяпер выдачу пропускаў давялося прыпыніць да студзеня.

— Утвараецца чарга ўжо з пазачаргавікоў, — кажуць у пункце пропуску Каменны Лог. Мяркуючы па колькасці аўтамабіляў, якія толькі ў суботу перасеклі мяжу без чаргі, з замежнагандлёвай дзейнасцю ў Беларусі ўсё ў парадку.

Афіцыйна

«Чэргі ўтвараюцца праз кантрабандыстаў»

— Чэргі ўзнікаюць не праз пазачаргавіуоў, а праз тых, хто незаконна вывозіць з краіны цыгарэты і бензін. Яны і складаюць асноўную масу тых, хто курсіруе паміж межамі, — кажа начальнік прэс-службы Дзяржпамежкамітэта Аляксандр Цішчанка. — Варта ўлічваць і тое, што цяпер паток машын зусім іншы. Пры будаўніцтве пунктаў пропуску іх прапускная здольнасць была нашмат меншай. Такая ж праблема і ў нашых суседзяў. Трэба пераглядаць інфраструктуру.

А ў гэты час…

Многія беларусы, якія не хочуць стаяць у чэргах на мяжы… пераходзяць яе пешшу.
Даязджаюць да мяжы на аўтамабілі, праходзяць пашпартны кантроль, а на літоўскім баку іх сустракаюць або сябры, або загадзя выкліканы таксіст. Да прыкладу, даехаць ад пункта пропуску Катлоўка да Вільні на прыватніку каштуе прыкладна 40 літаў (каля 130 тысяч беларускіх рублёў).