Навальны заклікаў галасаваць «супраць галоўнага жуліка і злодзея»

21 снежня ўначы расійскі блогер выйшаў на свабоду пасля 15 сутак арышту.

21.12.2011 / 09:41

Фота РІАН.

Яго затрымалі 5 снежня ўвечары за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў у Думу.

Навального сустракалі каля ста журналістаў і аднадумцы, якія скандавалі «Навальны, Навальны».

З прычыны арышту Навальны не меў магчымасці зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу, бо тэрмін рэгістрацыі супаў з ягоным зняволеннем. На пытанне, ці збіраўся ён балатавацца ў прэзідэнты на маючых адбыцца выбарах, Навальны адказаў, што «адпачатку лічыць выбары 4 сакавіка нелегітымнымі, таму не бачыць сэнсу браць у іх удзел».

Спачатку Навальны быў збіты з панталыку. Ён не чакаў убачыць дзясяткі відэакамер. Аднак ён хутка сабраўся з думкамі і выкарыстаў момант, каб заклікаць да яднання супраць Пуціна.

«Я лічу, што ў Расіі неабходна праводзіць свабодныя выбары, дзе могуць зарэгістравацца усе ахвотныя», — сказаў Навальны.

Гаворачы аб стратэгіі для пратэставага электарату на выбарах 4 сакавіка, Навальны сказаў: «На выбарах у Дзярждуму я заклікаў галасаваць супраць партыі жулікаў і злодзеяў.

Цяпер я заклікаю галасаваць супраць галоўнага жуліка і злодзея, заклікаю галасаваць за любога іншага кандыдата».

МБ