Атамны флірт з Парыжам?
Кропкі над "і"
Менск зандуе глебу датычна францускага праекту АЭС. Камэнтуе ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.
13.02.2007 / 17:51
Аляксандар Лукашэнка выказаў надзею, што Францыя можа паспрыяць дыялёгу Менску з Эўропай. Што гэта — дзяжурны рэвэранс ці нейкі разьлік?
З аднаго боку, на такіх мерапрыемствах, як уручэньне даверчых лістоў, зазвычай квітнее рытуальная рыторыка. Сёньня, калі прымаліся паперы ад цэлага шэрагу амбасадараў, прагучала, напрыклад, і тэза пра важнасьць разьвіцьця стасункаў з Экватарыяльнай Афрыкай.
Зь іншага боку, да Францыі у беларускага кіраўніцтва сапраўды трохі асаблівае стаўленьне.
Менавіта ў Парыж Лукашэнка пасьпеў зьлётаць з афіцыйным візытам, перш чым стасункі з Эўропай дарэшты сапсаваліся.
Былі ў афіцыйнага Менску і спробы згуляць на традыцыйных супярэчнасьцях між Парыжам ды Вашынгтонам. Асабліва напачатку ірацкай кампаніі, калі Лукашэнка з Шыракам ледзь ці не ва ўнісон асуджалі ўварваньне.
Але, самі разумееце, гэтага было замала, каб Чырвоны дом пасябраваў зь Елісейскім палацам.
А яшчэ айчынныя праўладныя тэарэтыкі вельмі выбарачна зьвярталіся да францускага палітычнага досьведу. Ня выключана, што і назву парлямэнту, прызначанаму замест разагнанага ў 1996-м Вярхоўнага савету, зрабілі менавіта а-ля Францыя.
Звыш таго, прапаганда любіла падкрэсліваць: глядзеце, вольналюбівыя нашчадкі галаў маюць прэзыдэнта зь вельмі вялікімі паўнамоцтвамі, а звыш таго, абіраюць аж на сем гадоў!
Праўда, ў 2002 годзе французы на рэфэрэндуме прагаласавалі за скарачэньне гэтага тэрміну да пяці гадоў, і козыр адпаў.
Галоўнае ж палягае у тым, што Францыя ня мае ніякіх падстаў падгульваць афіцыйнаму Менску. Нават суседнія краіны — Летува, Польшча — пры тым што спрабавалі адгульваць ролю мэдыятараў і, несумненна, маюць асаблівы інтарэс разьвіваць стасункі зь Беларусьсю — хоцькі-няхоцькі мусяць трымацца жорсткага рэчышча агульнай вонкавай палітыкі Эўразьвязу. У тым ліку і датычна "беларускага пытаньня".
Праблема ня ў тым, што не знаходзіцца нейкага асабліва гнуткага пасярэдніка. Праблема ў тым, што не выяўляе ні граму гнуткасьці беларускае кіраўніцтва.
Бо ўмовы Эўропы простыя і празрыстыя. Але Лукашэнка сказаў шчыра: пайсьці на іх азначае разбурыць збудаваную тут палітычную сыстэму. Іначай кажучы, нават невялікая доза дэмакратыі — сьмяротная для рэжыму.
Таму ўлада будзе стаяць на сваім да апошняй магчымасьці. І разьвіцьцё беларускага сюжэту ў значнай ступені вызначаць спалучэньне ды моц вонкавых чыньнікаў. (Чыньнік унутранай апазыцыі — асобная вялікая тэма, якую тут чапаць ня будзем.)
На думку палітоляга Андрэя Фёдарава, калі Менск разьлічвае нешта займець ад звадак між Парыжам і Вашынгтонам, то разьлік таксама хісткі. Бо на хуткіх выбарах у Францыі добрыя шанцы ў адносна праамэрыканскага Сарказі.
На тле сёньняшняй дыпляматычнай рыторыкі цікавай здалася хіба заява новай францускай амбасадаркі: нашыя краіны абмяркоўваюць пытаньні супрацы ў галіне будаўніцтва АЭС.
Вось гэта, як мне ўжо даводзілася пісаць, можа стаць рэальным мастком.
Адзін толькі штрых: пабудова АЭС — праект паводле кошту на парадак болей маштабны, чым узьвядзеньне славутага "алмазу ведаў". Уявеце сабе імаверны маштаб супрацы з "буржуінамі". А дзе "буржуіны" — там і паўзучая экспансія заходніх каштоўнасьцяў.
Хаця ня выключана, што праз "атамны флірт" з Парыжам Менск проста пайграе на нэрвах Масквы.