Абвінавачаных у справе забойства дзяўчыны ў Будславе няма
А тэрмін правядзення папярэдняга следства можа быць падоўжаны.
22.12.2011 / 15:37
Пра гэта НН паведаміў следчы Мядзельскай пракуратуры Іван Малафей. Па яго словах, прызначаны шматлікія экспертызы, што вымагае шмат часу. Адведзеных па законе двух месяцаў можа быць недастаткова.
Следчы не паведаміў, ці давалі затрыманыя па справе прызнальныя паказанні. Спасалаўся на таямніцу следства. Але сказаў, што на іх вопратцы (не ўдакладніў, аднаго ці абодвух) была знойдзены кроў, што і стала падставай для надання ім статусу падазраваных.
25-гадовую дзяўчыну зарэзалі ўноч з 8 на 9 снежня ў в. Будслаў Мядзельскага раёна. Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрыманая мясцовая сямейная пара. Крымінальная справа заведзеная па артыкуле 139, ч.2, п.6 КК (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю). Караецца ад васьмі гадоў пазбаўлення свабоды да смяротнага пакарання.