У Беларусі пачынаецца вытворчасць сыру з цвіллю

22.12.2011 / 15:48

У Беларусі пачынаецца вытворчасць сыру з блакітнай цвіллю тыпу «Ракфор», паведаміў на прэс-канферэнцыі 22 снежня дырэктар РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі» Аляксей Мяшчэня.

Ён будзе вырабляцца на базе Нарачанскага філіяла Маладзечанскага малаказавода. «У студзені будзе выпушчана першая партыя. З улікам перыяду паспявання першая пастаўка ў гандаль будзе ажыццёўлена да 8 сакавіка», — паведаміў дырэктар інстытута.

Акрамя гэтага, распрацаваныя і ўкаранёныя тэхналогіі вытворчасці сыроў з працяглым тэрмінам паспявання, аналагічныя імпартным, якія раней завозіліся ў Беларусь. «Некаторыя аб’ёмы такіх сыроў пастаўляюцца на экспарт», — адзначыў ён.

Рэалізуюцца таксама праекты па перапрацоўцы малочнай сыроваткі. Гэта прадукцыя раней завозілася для розных функцыянальных прадуктаў, дзіцячага харчавання. Запушчаны першы ў краіне цэх па выпуску сухой дэмінералізаванай сыроваткі на ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод». Яна пастаўляецца для вытворчасці дзіцячага харчавання і кандытарскіх вырабаў.

Паводле слоў Мяшчэні, інстытут, якім ён кіруе, працуе па двух асноўных напрамках: навуковае суправаджэнне стварэння новых прадуктаў і новых тэхналогій на прадпрыемствах і стварэнне новых вытворчасцяў у сістэме Акадэміі навук. Сярод буйных праектаў Мяшчэня назваў праектаванне і ўкараненне новай прадукцыі на Навагрудскім малочным камбінаце, Пружанскім малочным камбінаце. На базе інстытута створаны два інавацыйныя аб’екты: цэх па вытворчасці кісламалочных прадуктаў для дзяцей з часу нараджэння і інавацыйны ўчастак сінтэзу і вытворчасці новай генерацыі бактэрыяльных канцэнтратаў.