Кітайскаму дысідэнту далі 10 год турмы

На мінулым тыдні на год меней атрымаў кітайскі пісьменнік.

26.12.2011 / 20:19

Ветэран кітайскага дэмакратычнага руху Чэнь Сі, які прымаў удзел у акцыі пратэсту на плошчы Цяньаньмэнь у 1989 годзе, асуджаны на 10 гадоў зняволення.

Чэнь Сі быў прызнаны вінаватым у падрыўной антыдзяржаўнай дзейнасці на працэсе, які доўжыўся некалькі гадзін. Ён апублікаваў у інтэрнэце артыкул, у якім раскрытыкаваў кітайскую кампартыю.

Чэнь Сі ўзначальваў праваабарончы форум у горадзе Гуйян на паўднёвым захадзе Кітая.

Праваабаронца некалькі разоў прысуджаўся да розных турэмным тэрмінаў пасля ўдзелу ў акцыях пратэсту ў 1989 годзе.

Эксперты кажуць, што ўлады Кітая даўно выкарыстоўваюць практыку турэмнага зняволення для ветэранаў дысідэнцкага руху з тым, каб прымусіць іх спыніць крытыку ўрада.

На мінулым тыдні за «падбухторванне да падрыўной дзейнасці супраць дзяржавы» 9 год турмы атрымаў кітайскі пісьменнік Чэнь Вэй.

Ён апублікаваў у інтэрнэце некалькі сваіх эсэ, якія заклікаюць да свабоды слова і рэформаў у аднапартыйным кітайскім грамадстве.